Таму гарадскія актывісты патрабуюць ад уладаў тэрмінова адрамантаваць траўманебяспечныя дэфектныя ўчасткі на вуліцах Віцебска. Гэтае патрабаванне рэалізавана ў петыцыі №5525 на партале «Зручны горад», і яе ініцыятары прапануюць усім зацікаўленым віцяблянам падтрымаць сваім подпісам гэтую ініцыятыву.

Сёлета ў гарадах і райцэнтрах Віцебскай вобласці мусілі стварыць 89 аб’ектаў спецыялізаванай інфраструктуры ў межах дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона». Але да лістапада паспелі са стварэннем усяго 55 аб’ектаў, пакінуўшы будаўніцтва траціны на восень і зіму. І такая перспектыва выглядае сумнёўна, бо дождж і снег не спрыяюць падобным працам.

Нядаўна для райцэнтра Гарадок былі набытыя 4 мікрааўтобусы МАЗ. Аднак яны аказаліся абсалютна непрыдатныя для паездак па 2-х мясцовых аўтобусных маршрутах. Нязручнасці стварае тая акалічнасць, што дзверы ў гэтай мадэлі аўтатранспарту адчыняюцца ўручную. Гэта вымагае дадатковага часу і збівае распрацаваны расклад. Да таго ж, у гэтых аўтобусах не прадугледжаны поручні, а падлога мае высокі выступ, што стварае неадольныя перашкоды для пасажыраў сталага веку, не кажучы ўжо пра асобаў з абмежаванымі магчымасцямі.

Вядомая ў Дуброўне актывістка Наталля Стрэльчанка паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пра тое, што ў мясцовым раённым судзе ўсталявалі нарэшце пандус для людзей з інваліднасцю. Яна дамагалася гэтага больш за два гады, знаходзячыся яшчэ ў Беларусі. Улетку 2021 году з прычыны ціску з боку сілавых структур Стрэльчанка была вымушаная пакінуць краіну.

У сярэдзіне ліпеня мае аднавіцца рух на Полацкім пуцеправодзе ў Віцебску. Калі яго адкрыюць, аўтамабілістам ня трэба будзе кружляць аб’язнымі шляхамі і марнаваць час у корках. А вось пешаходам пашанцавала менш: шлях ад Полацкага рынку да аўтавакзалу падоўжыўся ў некалі разоў і стаў больш пакручастым.