З просьбай дапамагчы Алану Сьміту зьвярнулася да віцебскіх праваабаронцаў яго жонка Магдалена Валінска. Яна паведаміла, што ейны муж быў затрыманы памежнікамі ў Берасьці 29 верасьня, пасьля яго этапавалі ў СІЗА Віцебску, бо ў Віцебскай вобласьці ён перад тым нібыта зьдзейсьніў злачынства. Затрымалі таксама і яе, але праз 12 гадзін адпусьцілі. З таго часу яна ня мае ніякай сувязі з мужам.
Брытанскага грамадзяніна падазраюць у парушэньні артыкулу 371¹ Крымінальнага кодэксу (арганізацыя незаконнай міграцыі). Пацьверджаньня гэтай інфармацыі ад супрацоўнікаў МУС праваабаронцы ў цяперашні час ня маюць – на запыты прадстаўніка Беларускага Хэльсынскага камітэту Паўла Левінава на адрас начальніка Ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП) па Віцебскай вобласьці падпалкоўніка ўнутранай службы Аляксандра Сівохі адказаў пакуль няма.
Апроч зьвестак пра тое, на падставе чаго спадар Алан Сьміт знаходзіцца ва ўстанове ДВП, віцебскі праваабаронца просіць паведаміць, па якой прычыне ягоная жонка не атрымлівае лістоў ад яго, і ці не парушаюцца яго правы, гарантаваныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох, які падпісаны і ратыфікаваны Беларусьсю.
Зрэшты, тое, што з захаваньнем правоў чалавека ў гэтым выпадку ад самага пачатку ня ўсё добра, вядома яшчэ да таго, як супрацоўнікі ДВП зробяць ласку нешта адказаць. Паводле сьведчаньня спадарыні Магдалены, па затрыманьні ім падсоўвалі нейкія паперы, якія трэба было падпісаць, не разумеючы іх сэнсу, бо перакладчыка не давалі, а ўсе паперы былі напісаныя па-расейску. Алану не адразу далі магчымасьць скарыстацца з паслугаў абаронцы, хаця ён патрабаваў: маўляў, яго адправяць у Віцебск – вось там і будзе адвакат.
Пасьля этапаваньня на паўночны ўсход Беларусі, пакуты ня скончыліся. Пра знаходжаньне мужа ў Віцебскім СІЗА распавядае Магдалена Валінска: «Ён утрымліваецца ў турме безь якой-кольвек магчымасьці мець кантакты са мною ці ягонай сям'ёю, хаця беларускім вязьням такія кантакты дазваляюць. Ахоўнікі крычаць на яго і зьневажаюць, бо ён замежнік і не разумее па-расейску. Яму не дазваляюць мець кнігі і часопісы. Ён пакараны тым, што павінен цэлы дзень сядзець у адной позе, ня рухаючыся, бо інакш яму пагражае пакараньне».
Пэўную інфармацыю пра ўмовы ўтрыманьня мужа ў віцебскім СІЗА Магдалена змагла даведацца праз амбасаду Вялікай Брытаніі ў Беларусі, якая сочыць за сытуацыяй і супрацоўнікі якой часам маюць магчымасьць наведваць свайго суайчыньніка за кратамі. Брытанскі консул, які пабываў у СІЗА тыдзень таму, распавёў Магдалене, што Алан не атрымліваў ад яе ніякіх перадач, хаця яна сабрала для яго пакунак з новым ручніком, вопраткай, гадзіньнікам і інш., і ёй абяцалі, што ўсё перададуць яму. Таксама яна не атрымлівае лістоў ад свайго мужа, якія, паводле консула, той рэгулярна піша. І Алан змог атрымаць адзін зь лістоў ад яе толькі пасьля ўмяшаньня амбасады.
За два месяцы, што мінулі з дня арышту, сьледчы толькі аднойчы меў зносіны з падсьледным. Спадарыня Магдалена не разумее, як такое магчыма.
Як кажуць праваабаронцы, знаёмыя з умовамі ўтрыманьня ў беларускіх сьледчых ізалятарах, яны зусім ня зьдзіўленыя такім абыходжаньнем з падазраваным у злачынстве. Тое, што выклікае шок у жыхароў Захаду, у Беларусі, на жаль, зьяўляецца нормай.
У параўнаньні зь беларускімі насельнікамі СІЗА, якія таксама ведаюць, што такое халоднае памяшканьне там у зімовы пэрыяд і ежа, якую немагчыма есьці, становішча іншаземцаў у гэтых установах яшчэ горшае: яны не разумеюць расейскай мовы і, ня будучы забясьпечаныя перакладчыкам, ня могуць камунікаваць ані з сукамэрнікамі, ані з пэрсаналам. Так, Алан нядаўна перанёс апэрацыю і патрабуе мэдычнага забесьпячэньня, але ня можа патлумачыць лекару сваю патрэбу.
Віцебскія праваабаронцы і далей будуць сачыць за лёсам спадара Сьміта. Яны спадзяюцца, што агульнымі высілкамі разам з супрацоўнікамі амбасады Вялікай Брытаніі паспрыяюць вяртаньню следзтва ў прававое поле.
Кастусь Дзьвінскі