Прыкладам, у Кастрычніцкім раёне Віцебску апазыцыйная Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» вылучала ў камісію 10 сваіх прадстаўнікоў. Ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі было 9 прэтэндэнтаў. Аднак, згодна з рашэньнем раённай адміністрацыі, усе яны выявіліся нявартымі, каб працаваць ва УВК.
Як і раней, практычна ўсе віцебскія камісіі сфармаваныя паводле вытворчага прынцыпу. Гэты прынцып палягае ў тым, што чальцамі камісіяў становяцца працаўнікі аднаго і таго ж дзяржаўнага прадпрыемства або арганізацыі. Пад строгім наглядам прадстаўнікоў адміністрацыяў, якія прысутнічаюць на першых паседжаньнях УВК, у кіраўніцтва такіх камісіяў чамусьці спрэс абіраюцца кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў і арганізацыяў.
Наглядным прыкладам таму служыць пэрсанальны склад участковай выбарчай камісіі ўчастку для галасаваньня № 40 Першамайскага раёну Віцебску. У гэтую камісію ўваходзяць толькі члены працоўнага калектыву ДУА «Сярэдняя школа № 12», якія вылучаныя ў яе рознымі спосабамі. І хоць такі склад камісіі фармальна не супярэчаць Выбарчаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, практыка паказвае, што камісіі, сфармаваныя гэткім чынам, лёгка кіруюцца з прычыны залежнасьці чальцоў камісіяў ад працадаўцы – дзяржавы.