Аўторак, 26 Ліпень 2016

На некалькі гадзінаў цэнтар Віцебску перайшоў пад кантроль правацэнтрысцкай кааліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Прэтэндэнты на рэгістрацыю ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад апазыцыйных партыяў і рухаў разам са сваімі паплечнікамі правялі ля гандлёвага цэнтру «Марка-сіці» сумесны пікет і агітацыйнае мерапрыемства.

Імпрэзу арганізавалі сябры Аб'яднанай грамадзянскай партыі, аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і руху «За свабоду». Яны заахвочвалі выбарцаў падтрымаць кандыдатуры Тацяны Севярынец, Георгія Станкевіча, Алены Шабуні і Ірыны Яскевіч. Падтрымаць вылучэнцаў-правацэнтрыстаў, якія мяркуюць балятавацца ў дэпутаты па трох акругах Віцебску, прыехалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні БХД Віталь Рымашэўскі і першы намеснік руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Пакуль да пікету патэнцыйных віцебскіх кандыдатаў не далучыўся кіроўны дэсант зь Менску, агітацыйны акт нагадваў млявапраяўнае мерапрыемства, якое адрозьнівалася ад афіцыйнага пікету БРСМ і Белай Русі, што агітавалі побач і праз вуліцу, хіба што адносна большай цікаўнасьцю з боку насельніцтва ды заўважнай жвавасьцю апазыцыйных удзельнікаў.

Прадстаўнікі правацэнтрысцкага кіраўніцтва надалі пікету іншы маштаб і ажывілі імпрэзу настолькі, што на нейкі час здалося: у Віцебск вярнуліся незабыўныя 90-ыя. Асабліва актыўным быў Анатоль Лябедзька. З мэгафонам у рукох ён бесьперастанку атакоўваў аўтобусна-тралейбусны прыпынак, дзе тоўпіліся месьцічы ў чаканьні сваіх транспартных сродкаў.

Кіраўнік АГП сваёй напорыстасьцю пераконваў віцебчукоў: «дэпутатаў вы не абіраеце, вам іх прызначаюць», «як падаткаплатнікам, вам павінна быць неабыякава, на што дзяржава выдаткоўвае вашыя грошы», «уладу, як і пампэрсы, трэба мяняць рэгулярна»…

Не ўстрымалася і віцебская каардынатарка аргкамітэту БХД Тацяна Севярынец. Ейныя прыпеўкі, прачытаныя рэчытатывам, на непрацяглы час прыцягнулі да пікету ўвагу мінакоў.

«Хопіць тварыць зьдзек над людзьмі!
Хочам жыць прыстойна мы!
Віват, віват, Беларусь!
Віват, віват, Беларусь!» –

Было бачна, што разгорнутая недалёка ад прыпынку грамадзкага транспарту дзея была абсалютна чужароднай той атмасфэры ўнутранай і вонкавай несвабоды, якая адбівалася ў рухах, тварах, рэакцыях і выразах мінакоў. Жанчына пэнсійнага ўзросту, якая трапіла ў аб’ектыў камэры журналіста падчас перадачы ёй улёткі з праграмай БХД, вярнула яе назад, заявіўшы, што яе не ашукаеш, і яна не дапусьціць, каб зробленае фота было выкарыстанае дзеля яе дыскрэдытацыі.

Як той казаў, факт не патрабуе камэнтароў, але зазначу: маразм мацнее, і ўсё яшчэ наперадзе. Немагчыма пераканаць грамадзтва ў слушнасьці дэмакратычнага светапогляду, правёўшы ў горадзе з тузін пікетаў на працягу выбарчай кампаніі. Мяркую, гэта разумеюць усе ўдзельнікі цяперашняга пікету. Разумее гэта і ўлада, таму побач зь пікетам не назіралася ані міліцыянтаў, ані амапаўцаў, хіба што закансьпіраваныя да непазнавальнасьці кэдэбісты цікавалі за падзеяй здалёк, пераўвасобіўшыся ў асобаў, якіх цяжка западозрыць у прыналежнасьці да спэцслужбаў.

С. Горкі

1 камэнтар