Панядзелак, 21 Жнівень 2023

«Раёнкі» Віцебшчыны пачалі піярыць інтэрв'ю Лукашэнкі украінскай журналістцы Дзіяне Панчанка. Каментатары - усё тыя ж

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Першай стартавала ў дадзеным накірунку «Аршанская газета», даўшы слова Віталю Дудараву, намесніку гендырэктара прадпрыемства «Оршакомхоз», не зазначыўшы, праўда, што спадар з“яўляецца намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце, і Надзеі Каралёвай, інжынеру па ахове працы і пажарнай бяспецы ААТ «Оршаагропроммаш». Знайсці новыя твары для чарговай ідэалагічнай кампаніі рэдакцыя не парупілася, і чытачы пазналі ў гэтых асобах старых знаёмцаў, якія і раней з“яўляліся на старонках газеты ў падобнай ролі. 

Надзея Каралёва, якая зараз падзякавала Лукашэнку за тое, што «Мы – белорусы, живем в мирной стране, над нами не летают ракеты, не рвутся снаряды», раней гэтаксама імпэтна адгукалася на Пасланне беларускаму народу, заяўляючы, што кожны беларус павінны працаваць  на карысць захавання міру, суверэнітэту і незалежнасці краіны  «не «для галочки», а  «как Александр Григорьевич Лукашенко, по велению души и сердца». 

Дзяўчына шчыруе у якасці «запіснога каментатара» ужо даўно: яшчэ ў 2021г. са старонак газеты яна выказвала спачуванні з нагоды гібелі супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка, забітага падчас налёту на кватэру ІТ-спецыяліста Андрэя Зэльцара. Каралёва называла яго «героем», які «своим телом прикрыл товарищей и ценой своей жизни не допустил еще больших смертей».

Віталь Дудараў, намеснік генеральнага дырэктара КУП «Оршакомхоз» па ідэалагічнай працы, таксама засвяціўся ў ранейшых ініцыятывах «Аршанскай газеты» па стварэнні ілюзіі збору народных меркаванняў. Ён таксама ўхваляў на старонках «раёнкі» Пасланне Аляксандра Лукашэнкі як «крайне важное и значимое программное мероприятие в жизни всей страны». Бо  «глава государства всегда поднимает наиболее сложные и острые темы, волнующие всех нас».

Што да інтэрв“ю  Дзіяне Панчанка, то тут спадар Дудараў ужо не абыходзіцца агульнымі фразамі, як бывала раней. Ён назваў Уладзіміра Зяленскага «неопытным президентом», «подталкиваемым Западом и прежде всего США», рэкамендаваў грамадзянам Украіны «более трезво, пристально посмотреть, за кого они воюют, за кого кладут свои жизни» і цытаваў словы Аляксандра Лукашэнкі пра выключную моц расейскай арміі, у якой «в резерве 250 тысяч подготовленных добровольцев», якія ўсіх «перамелюць», і «Украіны больш не будзе».

Следам за «Аршанскай газетай» каментаваць згаданае інтэрв“ю вырашыла «раёнка» «Гарадоцкі веснік». У рэдакцыі таксама не знайшлі нічога прынцыпова новага, апрача як папрасіць выказацца яшчэ адну «запісную каментатарку» - Першую сакратарку раённай арганізацыі БРСМ Веру Бяззубенка. Жанчына мала разважала ўласна пра інтэрв“ю, болей хваліла Аляксандра Лукашэнку: «Он всегда верен своим идеалам и даже в такой сложной ситуации уверен, что только за столом переговоров можно найти развязку сложившейся ситуации».  «Ведь наша страна и её лидер, в частности, не единожды выступали борцами за мир. И народ Беларуси солидарен в стремлении сохранить мир на земле. Мы не хотим видеть, как гибнут наши славянские братья», -- сказала актывістка БРСМ.

У такім самым ключы Вера Бяззубенка ўжо выступала на старонках «раёнкі» ад імя гарадоцкай моладзі, калі разважала пра апошняе  Пасланне да беларускага народа: «А. Г. Лукашенко точно дал понять своим выступлением, что будет до последнего отстаивать свободу и суверенитет нашей страны».

Памкненні раённых газет засведчыць сваю адданасць уладам выглядаюць смешна і няшчыра. Прынамсі, выкарыстанне «правераных кадраў» не дадае павагі мясцовым газетам з боку чытачоў. Ды людзі і не цікавяцца падобнымі матэрыяламі: у «Гарадоцкім весніку» за суткі ён набраў усяго 80 праглядаў, хаця артыкулы на больш жыццёва важныя тэмы набіраюць да тысячы праглядаў і нават болей. «Аршанская газета» у гэтым сэнсе пайшла на свядомы падман: каб стварыць ілюзію запатрабаванасці ў чытачоў, лічыльнік наведванняў настроены так, што пры кожным адкрыцці артыкула колькасць праглядаў павялічваецца адразу на два. І ў гэтым вельмі лёгка пераканацца, калі адкрыць любы артыкул два разы запар.

Лявон Каляда