Серада, 12 Ліпень 2023

За распаўсюд «экстрэмізму» лёзненскія ўлады пакаралі арыштам жыхара Віцебска

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
На фота суддзя Алена Шарэц На фота суддзя Алена Шарэц

Суддзя суда Лёзненскага раёна Алена Шарэц 7 чэрвеня за распаўсюджванне “экстрэмісцкіх матэрыялаў” пастанавіла арыштаваць на пяць сутак жыхара Віцебска Антона Марозава.

Парушэнне заканадаўства было выяўлена супрацоўнікамі АУС Лёзненскага раёна на 42-ім км. аўтадарогі "Віцебск-Лёзна, мяжа РФ", калі пры праверцы дакументаў і тэлефона Марозава яны знайшлі падпіску на тэлеграм-каналы з назвай "Zerkalo.io навіны" і "Эканоміка Беларусі". Больш за тое ў тэлефоне «сілавікі» знайшлі фотаздымкі шчыта з гербам "Пагоня" і незарэгістраваную бчб-сімволіку, якія ўлады лічаць экстрэмісцкімі.

У судовым паседжанні мужчына не адмаўляўся ад наяўнасці падпіскі на ТГ-каналы і фатаграфій у тэлефоне з «пратэстнай сімволікай».

Зыходзячы з устаноўленых у судзе фактаў распаўсюджвання "экстрэмізму" і на падставе ч.2 арт. 19.11 КаАП суддзя Шарэц пастанавіла пакараць Марозава арыштам на 5 сутак і канфіскаваць у даход дзяржавы яго мабільны тэлефон.

Лідзія Гарохава