Серада, 26 Кастрычнік 2016

Леанід Гаравы: Зьмены адбудуцца праз працу будзённую, шэрую...

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Леанід Гаравы Леанід Гаравы

Як мы паведамлялі раней, 8 кастрычніка на абласной канфэрэнцыі сябры руху «За свабоду» з розных рэгіёнаў паўночнай Беларусі абралі новага каардынатара па Віцебскай вобласьці. Ім стаў Леанід Гаравы з Гарадку. З гэтай нагоды наш карэспандэнт сустрэўся са спадаром Леанідам.

Зьмена лідэра руху «За свабоду» Аляксандра Мілінкевіча і Ваша абраньне ў якасьці кіраўніка руху па Віцебскай вобласьці – гэта нейкая тэндэнцыя на абнаўленьне кіраўніцтва ці нешта іншае?

У адпаведнасьці з нормамі беларускага заканадаўства, у сувязі з тым, што абласная арганізацыя руху не зарэгістраваная, ні ў якім разе ня варта казаць пра дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, бо гэта цягне за сабой крымінальныя наступствы. Гэта па-першае. Таму каардынатар руху па вобласці – гэта асоба, якая не кіруе, а каардынуе дзейнасьць сябраў ПАГА «Рух “За свабоду”», якія пражываюць на тэрыторыі Віцебскай вобласці.

Па-другое, не выпадае казаць пра тэндэнцыю на абнаўленьне, калі розніца ва ўзросце паміж мной і маім папярэднікам, Хрыстафорам Жаляпавым, толькі 10 гадоў. Дый па вобласьці сярод чальцоў руху пераважаюць асобы сталага ўзросту. І гэта ёсьць адным з пытаньняў на шляху рэальнага абнаўлення нашай структуры. Да таго ж калі ў Менску замест Аляксандра Мілінкевіча на альтэрнатыўнай аснове быў абраны значна маладзейшы за яго Юрась Губарэвіч, то на Віцебшчыне адбыўся ўсяго толькі маленькі крок да абнаўленьня.

У ідэале было б добра, каб праз чатыры гады каардынатарства перайшло ня проста да маладзейшага чальца руху, а да таго, хто сваёй пазыцыяй, сваімі ўчынкамі і адданасьцю ідэям свабоды засьведчыў гатовасьць стаць кіраўніком арганізацыі на Віцебшчыне.

Якія зьмены чакаюць сябраў руху «За свабоду» на Віцебшчыне ў сувязі з тым, што да стырна стаў Леанід Гаравы?

Зьмены ў жыцці чалавека ці арганізацыі адбываюцца толькі тады, калі да гэтага ёсць жаданьне, падмацаванае працай будзённай, шэрай. Кола чальцоў руху на Віцебшчыне, сфармаванае ў 2008-2010 гадох, – адно з самых вялікіх у краіне. Аднак Хрыстафор Жаляпаў неяк адзначаў, што арганізацыі бракуе новых асобаў, моладзі і крэатыўнай дзейнасьці дзеля ідэяў руху, дзеля Беларусі. На сходзе сябраў руху я прапанаваў кожнаму ўдзельніку залучыць да арганізацыі аднаго чалавека на працягу трох месяцаў. Гэта можна зрабіць і праз сайт руху, дзе ёсць адпаведная опцыя «далучыцца». Пры жаданьні кожны можа падаць электронную заяву на далучэньне.

Першаснай сваёй задачай лічу збор і аналіз прапановаў ад сябраў арганізацыі па дзейнасьці рухаўцаў на Віцебшчыне. Са свайго боку абяцаю садзейнічаць рэалізацыі ўсіх слушных задумак. Што тычыцца асабіста маёй прапановы, то, мяркую, яна паспрыяе больш актыўнай камунікацыі з грамадзтвам Віцебшчыны. Увасабляць яе ў жыцьцё можна і пры дапамозе сучасных тэхналёгіяў, найперш праз сацыяльныя сеткі.

Як Вам падаецца, чаму беларусы не ўспрымаюць свабоду, як абсалютную каштоўнасьць?

Пытаньне не зусім карэктнае. Калі мы з вамі, разам зь яшчэ некалькімі тысячамі грамадзян краіны, якія ўдзельнічаюць у палітычным жыцьці дзеля свабоды Беларусі, лічым Свабоду абсалютнай каштоўнасцю, то нельга казаць, што беларусы не ўспрымаюць свабоду, як абсалютную каштоўнасьць. Нават паводле сацыялягічных дасьледаваньняў 26-30% грамадзян Беларусі жадаюць, каб у краіне панавалі дэмакратычныя прынцыпы, сярод якіх вяршэнства правоў чалавека, свабода слова, свабодныя выбары... Іншая рэч, што электарат адзінага палітыка на 40-45% складаюць грамадзяне, якія не жадаюць самі вырашаць свой лёс на свабодных выбарах, а спадзяюцца на датацыі дзяржавы, маюць патэрналісцкі мэнталітэт.

Задача найперш палягае ў тым, каб працай будзённай, шэрай атрымаць 50% + 1 голас на выбарах. Для гэтага неабходна ўлучэньне ў склад выбарчых камісіяў прадстаўнікоў альтэрнатыўных кандыдатаў і падлік галасоў паводле прынцыпу «Тры К»: Кожны бюлетэнь бачыць Кожны член камісіі і бачыць Кожны назіральнік. Так робіцца ў Расеі, Украіне, Казахстане, але ня робіцца ў эўрапейскай Беларусі. Тады можна будзе дакладна сказаць, колькі беларусаў прагаласавала за ідэі Свабоды. Дарэчы, на апошняй канфэрэнцыі руху менавіта так і лічылі галасы за старшыню арганізацыі. І праблем ніякіх не было.

Калі ў сучаснай Беларусі большасьць насельніцтва пра свабоду і ня думае, то ці мае рух з такой назвай хаця б нейкую палітычную пэрспэктыву?

Большасьць насельніцтва ня думае ня толькі пра Свабоду, але ня думае і пра лёс Беларусі, пра лёс сваіх дзяцей, іх будучыню. І ня назва арганізацыі вызначае яе палітычную пэрспэктыву, а эфэктыўная будзённая, шэрая праца з выбаршчыкамі краіны. На жаль, апазыцыя вядзе свае цыклы дзейнасьці ад адной выбарчай кампаніі да другой. Пры гэтым па вялікім рахунку праводзячы выбарчыя кампаніі неэфэктыўна, расьцярушана і няўзгоднена.

Рух «За свабоду», мусіць, адзіная арганізацыя, якая мае дакладную праэўрапейскую накіраванасьць для Беларусі, якая грунтуецца на ідэях незалежнасьці краіны і нашых беларускіх каранёх. Мы ня здолелі стаць арганізацыяй яднаньня пасля кампаніі 2006 году, але здаецца, цяпер нашы ідэі і практычная дзейнасьць даволі прыцягальныя для моладзі. І, найперш, у Менску. Дастаткова прааналізаваць выбарчыя кампаніі нашых лідэраў Юрася Губарэвіча і Алеся Лагвінца. Дый на справаздачна-выбарнай канфэрэнцыі моладзь зь Менску была вельмі актыўнай. А, як вядома, зьмены пачынаюцца са сталіцы.

Наш рух годна прайшоў пэрыяд перадачы ўлады ад Аляксандра Мілінкевіча да маладой генэрацыі палітыкаў. Зь Юрасём Губарэвічам да кіраўніцтва арганізацыяй прыйшлі яго маладыя намесьнікі Юрась Міляшкевіч, Кірыл Стаселька. Дый апошняга слова не сказала крэатыўная каманда Алеся Лагвінца, якая набрала хаду за апошнія чатыры месяцы. Калі мы ў арганізацыі будзем трымацца дэмакратычных прынцыпаў, паважаць меркаваньне сваіх апанэнтаў, то рух «За свабоду» мае добрую будучыню сярод насельніцтва краіны. І да гэтай будучыні мы можам прыйсьці найперш за кошт працы будзённай, шэрай.

С. Горкі