Старшыні "Вясны" і лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесю Бяляцкаму, асуджанаму да 10 гадоў калоніі за праваабарончую дзейнасць, 25 верасня спаўняецца 61 год. Іх ён сустракае ў калоніі строгага рэжыму ў Горках, працуючы на дрэваапрацоўцы. Былы палітвязень, які сустракаўся з Алесем Бяляцкім у СІЗА-1 у кастрычніку 2022 года, распавёў пра яго "Вясне".

40-гадовага жыхара Віцебска прызналі вінаватым у абразе Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК), абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК), садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 арт.361-1 КК) і фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фармавання (арт. 361-2 КК). Суд над ім праходзіў у Віцебскім абласным судзе, 31-га жніўня суддзя Аляксандр Абашын пастанавіў пакараць Дзмітрыя Загалаўца трыма з паловай гадамі пазбаўлення волі агульнага рэжыму.

23 траўня старшы лейтэнант унутранай службы, старшы інспектар кадравага і ідэалагічнага аддзела папраўчай калоніі №3 Аляксей Баравы быў асуджаны судом Віцебскага раёна за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. Паводле ч.2 арт. 426, суд прысудзіў яму тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф памерам 300 базавых велічынь з пазбаўленнем права займаць пасады ў праваахоўных органах на працягу 5-ці гадоў. У выніку амністыі, абвешчанай да Дня народнага адзінства, тэрмін зняволення былому супрацоўніку «Віцьбы-3» зменшылі на адзін год. А цяпер яшчэ і вярнулі званне старшага лейтэнанта ўнутранай службы», бо Віцебскі абласны суд вырашыў, што пакараны пазбаўлены яго незаконна.

Былы намеснік дырэктара БелаПАН, асуджаны на 14 гадоў калоніі, адбывае пакаранне ў Наваполацкай калоніі. Андрэй Аляксандраў знаходзіцца ў Наваполацкай калоніі № 2 з канца 2022 году. Паводле сваякоў, ён працуе ў цэху дрэваапрацоўкі, збівае скрыні і паддоны.

«Лічым недапушчальным утрыманне пад вартай Вольгі Брыцікавай, Аляксандра Кухаронка і Аляксандра Балонкіна, абвінавачаных па арт. 361 КК (заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь)», -- гаворыцца ў адмысловай заяве беларускай праваабарончай супольнасці.