Нядзеля, 05 Май 2024

Орша закупае «узбраенне» - у горадзе хочуць усталяваць «Кацюшу» и «Паланез» са штучнага газона

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрыцыйнае фота Ілюстрыцыйнае фота

Меркаваннем гараджанаў наконт таго, ці хочуць яны мець у Оршы такія гарадскія аб'екты, традыцыйна не пацікавіліся. Іх проста паставяць перад фактам з'яўлення каркасных фігур з пакрыццём са штучнага газона – так званых тапіярыяў. Разлік на тое, што тапіярыі «Кацюша» і «Паланэз» упрыгожаць гарадскі ландшафт, выглядае спрэчным: зялёныя фігуры жывёлаў, матылькоў ды іншых персанажаў і канструкцый многія жыхары суседняга Віцебска лічаць засмечваннем горада малаэстэтычнымі вырабамі, якое практыкуецца ў абласным цэнтры з 2019 г.

Менавіта УКВП «Віцебская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка» ініцыявала закупку «тапіярнай кампазіцыі «Кацюша» за 11 970 BYN і «Тапіярнай кампазіцыі «Паланез» за 18 000.00 BYN . На гэты факт звярнуў увагу партал «Народныя навіны Віцебска». Названыя вышэй  аб'екты – гэта выявы «баявых машын», адпаведна, часоў Другой Сусветнай вайны  і сучаснай – з тых, што зараз ёсць на ўзбраенні ў Рэспубліцы Беларусь.  Ваяўнічыя  тапіярыі могуць з'явіцца ў Оршы ўжо ў пачатку траўня. Дзе іх плануюць усталяваць – невядома.

У Оршы ёсць сапраўдны мемарыяльны  комплекс, узведзены ў памяць пра першы залп «Кацюшы», ажыццёўлены 14 ліпеня 1941г. з пазіцыі каля вёскі Пішчалава Аршанскага раёна. Комплекс уключае ў сябе макет «Кацюшы» тагачаснага ўзору і шэсць бетонных «мінамётных пускавых установак». Афіцыйная назва мемарыяльнага комплекса - «За нашу Советскую Родину» («Катюша»), і ён з'яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь.

Спроба ўвасобіць баявыя  машыны ў выглядзе тапіарыя са штучнага газону будзе карыкатурнай і можа абразіць пачуцці ветэранаў мінулай вайны. Ці не таму загадзя пра гэта не абвяшчаецца – каб не выклікаць гучных пратэстаў з боку мясцовых жыхароў. Рабіць усё па-ціхаму – стыль працы, які сучасныя ўлады перанялі ад сваіх савецкіх папярэднікаў, калі меркаванне простага народу  проста не бралася ў разлік.

Юрка Жмых