Серада, 20 Снежань 2023

Да 10 гадоў пазбаўлення волі за няправільнае выкарыстанне піратэхнікі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Браслаўская міліцыя перад каляднымі і навагоднімі святамі пужае жыхароў пакараннем за няправільнае выкарыстанне піратэхнікі.

Феерверкі, рымскія свечкі, петарды - уся гэтая піратэхніка ў перыяд навагодніх святаў карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Аднак ужываць яе можна не ўсім і не ўсюды. За парушэнне правіл можна і паплаціцца. Першы намеснік начальніка Браслаўскага РАУС Аляксандр Кіслякоў праз раённую газету папярэджвае браслаўчан пра адказнасць. Таксама ён прыводзіць прыклады здарэнняў, якія адбыліся ў раёне з выкарыстаннем піратэхнікі.

Так, увечары 7 лістапада ў Браслаўскі РАУС паступіла паведамленне аб тым, што кампанія маладых людзей, знаходзячыся на прыпынку грамадскага транспарту ў аграгарадку Опса, узрывае петарды і палохае мінакоў. На гэты выклік паехаў найбліжэйшы нарад супрацоўнікаў міліцыі. Па прыбыцці на месца здарэння было ўстаноўлена, што каля 19 гадзін адзін хлопец з кампаніі непаўналетніх, знаходзячыся паблізу прыпынку транспартных сродкаў, размешчанай каля жылога дома, падарваў адну петарду "Карсар-1", чым парушыў грамадскі парадак, спалохаў мясцовага жыхара, выказаўшы, паводле міліцыі,  такім чынам відавочную непавагу да грамадства. Па факце здарэння ў дачыненні да непаўналетняга міліцыянты склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле 19.1 КаАП Рэспублікі Беларусь. Хлопец прыцягнуты да адказнасці камісіяй па справах непаўналетніх, зараз міліцыянты праводзяць з ім яшчэ так званую індывідуальную прафілактычную работу.

Другі аналагічны выпадак адбыўся  4 снежня, паводле міліцыянта Аляксандра Кіслякова, на гэты раз яго выявілі педагогі Відзаўскай школы. Непаўналетні, з якім, як паведамляе Кіслякоў, ужо працуюць інспектары ІСН, каля паловы на дзявятую раніцы каля вулічнага туалета на тэрыторыі школы наўмысна і ў прысутнасці людзей падарваў петарду «Карсар-1». На гэтага падлетка таксама быў складзены пратакол па артыкуле 19.1 КаАП, які ў цяперашні час накіраваны для разгляду ў камісію па справах непаўналетніх Браслаўскага райвыканкама.

Пасля намеснік начальніка Браслаўскага РАУС Аляксандр Кіслякоў пачаў пужаць браслаўчан адказнасцю: выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па артыкуле 19.1 "Дробнае хуліганства" КаАП Рэспублікі Беларусь, якое прадугледжвае штраф памерам ад 2 да 30 базавых велічыняў, або грамадскія працы, або адміністрацыйны арышт.

“Калі пры выкарыстанні піратэхнічных «цацак» будзе нанесена значная шкода здароўю або маёмасці навакольных, то парушальнікам можа пагражаць і крымінальная адказнасць, прадугледжаная артыкулам 339 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, - аж да 10 гадоў пазбаўлення волі. Акрамя таго, рэалізацыя петард і іншай піратэхнікі падлеткам да 15 гадоў катэгарычна забаронена! У адваротным выпадку да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуць бацькоў. Пры гэтым артыкул будзе гучаць больш чым непрывабна: "Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей" (арт. 10.3. КаАП), за што прадугледжаны штраф да 10 базавых велічынь”, - зазначыў напрыканцы міліцыянт.

Глеб Прохараў