Панядзелак, 29 Жнівень 2016

Цэнтар Сянна нашпігавалі сьпісанай зброяй і ідэалягічнымі сымбалямі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Абласныя «Дажынкі-2016» мусяць адбыцца ў раённым цэнтры Сянно. Горад прыхарошваюць да сьвята, рамонтна-будаўнічыя работы ідуць поўным ходам. Наш карэспандэнт наведаў мястэчка і падзяліўся сваімі назіраньнямі.

Старажытнае Сянно ўражвае сваім ляндшафтам: вялікім возерам і пагоркамі, зь якіх адкрываецца від на прыватную забудову гарадзкой ўскраіны і прыродныя краявіды. Гэткі ляндшафт стварае вялікі прастор для ўдалых архітэктурных рашэньняў. Стварае, але не гарантуе. Асабліва, калі бракуе грошай, падціскаюць тэрміны, і работы трэба весьці ледзьве не ў аўральным рэжыме. Аўралу я, аднак, не заўважыў. Неяк усё спакойна і па-правінцыйнаму грунтоўна.

Будаўнічыя і рамонтныя работы вядуцца па ўсім горадзе. Ствараецца ўражаньне, што старыя бардзюры замененыя на новыя, а ходнікі і дарогі асфальтуюцца па ўсім горадзе. Будынкі грамадзкага прызначэньня, разьмешчаныя на цэнтральнай плошчы альбо ўжо цалкам адрамантаваныя, альбо рамонт знаходзяцца ў стадыі завяршэньня. У будынку былой земскай ўправы, якая рамантуецца апошняй, работы толькі пачаліся, але бібліятэка, якая там месьціцца, не спыняе выдачу кніг нават у гэткіх неспрыяльных умовах.

Тое, што на цяперашні момант выкананы значны аб'ём працы, бачна няўзброеным вокам. Зразумела, што самыя маштабныя работы вядуцца ў цэнтры, але і на ўскраінах дзе-нідзе мяняецца старая агароджа, робіцца дробны рамонт.

Задумы архітэктараў, увасобленыя ў будаўнічых, манумэнтальных, утылітарных рашэньнях ужо становяцца зразумелымі і дасяжнымі для сэнсавага і эмацыйнага тлумачэньня і ацэнкі. У сувязі з гэтым хацелася б крыху спыніцца на ідэалягічнай адметнасьці падрыхтоўкі да «Дажынак» па-сеньненску. Як па мне, ідэалёгія ў перабудове парку Трох герояў і цэнтральнай плошчы выразна зашкальвае.

Пачатак працы на гэтых двух аб'ектах выклікаў шмат абурэньняў з боку сеньненцаў, бо былі спілаваныя дзясяткі, калі ня сотня дрэваў. Цяпер гэтае абурэньне сьціхла, але асадак застаўся. Атрымалася велізарная адкрытая прастора, запоўніць якую не атрымалася нават сеньненскім курганам Славы; помнікам тром вайскоўцам, у гонар якіх названы парк; двума бэтээрамі; САУ і некалькімі гарматамі, разьмешчанымі ў розных месцах парку; шэрагам іншых дробных манумэнтальных формаў і будучым помнікам афганцам, пад які робіцца пастамэнт. Не ўратавалі сытуацыю нават два самалёты Су-24 і Су-27, якія прыцягнулі і ўсталявалі тут некалькі тыдняў таму.

Той факт, што ўся разьмешчаная ў парку зброя скіраваная ў бок будынку мясцовай адміністрацыі і Дому шлюбаў, падаецца даволі камічным. Так і лезуць у голаў крамольныя думкі: калі што ня так, можна і стрэліць, а да сужэнства – толькі пад дулам гарматаў.

Цэнтральная плошча гораду таксама прасякнутая ідэалягічнымі сымбалямі: помнік Воінам-вызваліцелям зь велічнай аркай перад ім ды бронзавым знакам у гонар ураджэнкі Сеньненскага раёну Матроны Сяргееўны Маркевіч, якая зьяўляецца аўтарам малюнку арнамэнту на цяперашнім дзяржаўным сьцягу краіны.

Фантан і дзіцячая пляцоўка з рознакаляровым гульнявым комплексам, што месьцяцца на плошчы далей, падаюцца хаця і патрэбным утылітарным дадаткам, але зусім не стасуюцца з двума папярэднімі аб'ектамі і парушаюць гарманічную цэласнасьць плошчы. Дрэваў на плошчы бракуе катастрафічна.

У цэлым жа стан гораду пакінуў добрае ўражаньне. Выгляд будынкаў, адрамантаваных да сьвята, надаў мястэчку выгляд сучаснасьці і эўрапейскасьці, а ідэалёгія, будзем спадзявацца, – рэч часовая.

С. Горкі