Міхаіл Жамчужны непакоіцца за лёс свайго сябра і кіраўніка закрытай уладамі праваабарончай арганізацыі «Пляцформа»  Андрэя Бандарэнкі. Тым часам новы адвакат дапамагае палітвязьню падрыхтаваць наглядную скаргу ў Вярхоўны Суд.

У сваім чарговым лісьце на волю Міхаіл Ігаравіч сьцісла паведамляе пра ўмовы ўтрыманьня вязьняў у папраўчай калёніі №14 (ст. Навасады Барысаўскага раёну), якія ён характарызуе як «нармальныя». Праўда, шкадуе, што з 50 чалавек, якія сумесна зь ім адбываюць тэрміны зьняволеньня, ён не знайшоў людзей, якія б падзялялі яго палітычныя погляды і былі б блізкія яму па духу і інтэлекце.

Палітвязень паважліва адгукаецца пра адміністрацыю калёніі, піша, што прадуктыўна і з задавальненьнем размаўляе з супрацоўнікамі. Ён паведамляе, што зь ім ужо гутарылі апэратыўны работнік і выхавальнік. Яны цікавіліся думкай Міхаіла пра ўмовы ўтрыманьня ў пэнітэнцыярнай установе і, са свайго боку, далі яму карысныя парады , што да далейшага адбываньня тэрміну - з мэтай прадухіленьня канфліктных сытуацыяў і непрывабных эксцэсаў.

Міхаіл Жамчужны паведаміў таксама, што прыняў рашэньне адмовіцца ад пэнсіі на ўвесь пэрыяд знаходжаньня ў калёніі. На такі радыкальны крок яго падштурхнула апавяшчэньне сацслужбы Барысаўскага райвыканкаму, згодна зь якім законам «Аб пенсійным забесьпячэньні» вызначана, што грамадзянам, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, пэнсія выплачваецца ў памеры 10% ад прызначанай сумы. «Няхай мая пэнсія застаецца ў пэнсійным фондзе для іншых пэнсіянэраў, а не на рахунку праціўнікаў зь пэнітэнцыярнай сыстэмы», - тлумачыць свой высакародны ўчынак палітвязень Жамчужны.

Віцебскі праваабаронца Леанід Сьвецік, які лістуецца зь Міхаілам Ігаравічам, паведаміў рэдакцыі, што, нягледзячы на ​​свой узрост, Жамчужны гатовы да бескампраміснай барацьбы за сваё вызваленьне зь месцаў зьняволеньня - ён ня лічыць сябе вінаватым і сьцьвярджае, што яго асудзілі па палітычных матывах.

Паводле Леаніда Сьвеціка, праваабаронцы будуць усімі законнымі і даступнымі спосабамі дапамагаць Міхаілу Жамчужнаму ў гэтай яго барацьбе. Праваабаронцы і грамадзянскія актывісты Віцебску будуць працягваць падтрымліваць Міхаіла Ігаравіча і маральна, і ў якасьці такой падтрымкі надоечы адправілі палітвязьню свае віншаваньні са сьвятамі.

Віцебская вясна

Апублікавана ў Палітвязьні