Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 10 Красавік 2018

“Не дазволілі прафсаюз – будзе цэнтар”. Ірына Яскевіч адчыніла ў Віцебску цэнтар падтрымкі прадпрымальніцтва

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ірына Яскевіч у офісе Цэнтру Ірына Яскевіч у офісе Цэнтру

Прадпрымальніца і старшыня незарэгістраванага прафсаюзу “Разам” Ірына Яскевіч адчыніла ў Віцебску базавы цэнтар падтрымкі прадпрымальніцтва “Віцебскі дзелавы партнэр”. Мяркуе, што арганізацыя будзе трымацца на належным узроўні і прыносіць карысьць усім прадпрымальнікам гораду.

“Мы цягам 13-ці год спрабавалі зарэгістраваць незалежны прафсаюз для прадпрымальнікаў “Разам”. Тры разы даходзілі да Вярхоўнага суду, спрабуючы давесьці, што гэты прафсаюз вельмі патрэбны і што ніхто не адстойвае інтарэсы прадпрымальнікаў. Безвынікова. І тады я зразумела: калі нельга проста зайсьці ў дзьверы, то трэба шукаць нейкія іншыя шляхі і ўваходы”, – гаворыць Ірына Яскевіч.

Гэтак зьявілася ідэя стварыць цэнтар падтрымкі прадпрымальніцтва.

Рэгістрацыя расьцягнулася на паўтара года

Паводле словаў Ірыны, рэгістрацыі цэнтру папярэднічала карпатлівая праца, а сам працэс расьцягнуўся на паўтара года.

Тым ня менш, напрыканцы лістапада 2017 году прадпрымальніца атрымала пасьведчаньне аб дзяржрэгістрацыі. Па-сапраўднаму ж “Віцебскі дзелавы партнэр” пачаў працаваць толькі ў лютым 2018-га. Паўзу зрабілі, каб перачакаць выбарчую кампанію, у якой удзельнічала і дырэктарка цэнтру.

Ірына Яскевіч паказвае нам пасьведчаньне аб рэгістрацыі

“Так, рэгістрацыя – справа нялёгкая і марудная. Шмат фармальнасьцяў. Ну і да мяне прыглядаліся. Гляньце на нумар пасьведчаньня – №130. То бок за ўвесь час існаваньня незалежнай Беларусі толькі 130 падобных пасьведчаньняў было выдадзена. Гэта ж пра штосьці гаворыць?" – кажа Ірына Яскевіч.

"Зь іншага боку, ніхто асабліва афармляць падобныя цэнтры і ня хоча, бо 80% іх працы – бясплатная”, – дадае.

На пытаньне, ці не стварала дадатковых перашкод падчас рэгістрацыі яе палітычная заангажаванасьць (Ірына Яскевіч – кіраўнік гарадзкой арганізацыі АГП), дырэктарка адказвае: “Ня ведаю. Але я так даўно разам з прадпрымальнікамі, што ўсе, мусіць, ужо звыкліся з гэтым. Ну і, акрамя таго, я зьяўляюся сябрам працоўнай групы пры Міністэрстве эканомікі. Гэта таксама аргумэнт”.

Якую дапамогу можна атрымаць у цэнтры

Ірына Яскевіч распавядае, што новаствораны цэнтар будзе аказваць (і ўжо  аказвае) бухгальтарскія, кадравыя, юрыдычныя ды іншыя паслугі, датычныя прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Тут, напрыклад, ужо дапамагаюць афармляць хадайніцтвы аб вызваленьні ад адміністратыўных спагнаньняў і выплатаў пені. Паказваюць, як правільна запаўняць паперы для кантралюючых органаў (усе віды дэклярацыяў і справаздач). Праводзяць навучальныя сэмінары для арганізацыі малога бізнэсу, індывідуальных прадпрымальнікаў і фізычных асобаў.

Сваім досьведам Ірына Яскевіч гатовая дзяліцца і бясплатна

“Нашая праца запатрабаваная, падтрымка прадпрымальнікам патрэбная і зараз. Бо мы вярнуліся ў тыя часы, калі працы няма, а ўмовы працы прадпрымальнікаў пагаршаюцца. Па сутнасьці, як і раней, я праводжу сустрэчы, тлумачу новыя законы. Але цяпер за пэўныя паслугі вымушаная браць грошы, таму што павінна плаціць за арэнду офіса і заробак наёмным работнікам”, – удакладняе Ірына Яскевіч.   

Між тым, дадае, што сваімі ведамі і багатым прадпрымальніцкім досьведам гатовая дзяліцца бясплатна.

“У вялікай сям’і адной нянькі мала…”

Ірына Яскевіч заўважае, што ўжо дзейсныя ў горадзе і рэгіёне цэнтры прадпрымальніцтва (паводле Мінэканомікі, у Віцебску працуюць яшчэ два такія цэнтры, у тым ліку дзяржаўны Віцебскі абласны цэнтар маркетынгу) ня будуць ствараць асаблівай канкурэнцыі.

Ірына Яскевіч упэўненая, што "Віцебскі дзелавы партнэр" здабудзе добрую рэпутацыю

“Як кажуць, у вялікай сям’і адной нянькі мала. І нейкая спэцыфіка, кансультацыі ў вузкіх сфэрах – гэта будзе заўжды актуальна. Але, канечне, прадпрымальнікі, занятыя ў дробным гандлі, адчуваюць сёньня найбольшыя цяжкасьці. Таму акцэнт робім на працу зь імі, хаця ў нейкую асобную групу іх не вылучаем. Да нас прыходзяць усе”, – удакладняе дырэктар цэнтру.

“Дапаможам і тым, хто ўжо вырашыў стаць прадпрымальнікам, але ня ведае, як зрабіць першыя крокі.

Прыкладам, два дні таму зьвярнуўся да нас чалавек, і мы тлумачылі яму, якая форма падаткаабкладаньня будзе для яго больш выгаднай. Казалі, з чаго лепш пачаць і на што зьвярнуць увагу. Бо на сёньня стаць прадпрымальнікам ня вельмі цяжка. Але важна на самым пачатку не нарабіць памылак, не зрабіць чагось недарэчнага, што можа выплысьці падчас праверкі і праз тры гады”, - кажа Ірына Яскевіч.

Дзе знаходзіцца цэнтар

Дырэктарка цэнтру абяцае, што неўзабаве зьявіцца і сайт “Віцебскага дзелавога партнэра”. Офіс новага цэнтру падтрымкі прадпрымальніцтва знаходзіцца ў Віцебску каля ГЦ “Эвіком” на праспэкце Фрунзе, 81 (6-ы паверх, офіс 618).

Паводле Яскевіч, у Віцебску ў розьнічным гандлі працуюць каля 3 тыс. прадпрымальнікаў. Наогул жа ў горадзе налічваецца каля 8 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў. Большасьць зь іх занятыя ў сфэры паслуг.  

Зьміцер Міраш, фота аўтара