Таццяна Туравец. Фота: "Віцебская Вясна". Суд Віцебскага раёну 26 траўня працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да жыхаркі пасёлку Ноўка Таццяны Туравец.

Артыкул 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў УС), паводле якога абвінавачваюць Туравец, прадугледжвае да 6 гадоў пазбаўлення волі. Пацярпелымі ў справе праходзяць 4 міліцыянты, паведамляла "Віцебская Вясна".

Справу разглядае суддзя Наталля Траццякова. Дзяржабвінаваўца – Мікіта Раманоўскі.

Паводле абвінаваўцы, уначы з 9 на 10 лютага Таццяна Туравец перашкаджала законнай дзейнасці супрацоўнікаў міліцыі, а менавіта – правесці ператрус у яе доме. Жанчына нібыта чыніла актыўны супраціў, хапала іх рукамі, выпіхвала з дому, пагражала фізічнай расправай, абражала. Дзеянні Туравец у дачыненні да пацярпелых Сергіенкі, Старчанкі, Філіпенкі, Шутава пракуратура палічыла наўмыснымі. Міліцыянты вымушаныя былі ўжыць у дачыненні да яе фізічную сілу і надзець на рукі кайданкі.

Міліцыянты сцвярджаюць, што падчас гэтага «затрымання» Туравец укусіла за палец аднаго, пракусіла пальчатку другому і нанесла удар нагой у вобласць галавы трэцяму супрацоўніку. Апроч таго, сведчылі, што жанчына называла іх «бандытамі», «фашыстамі» і «карнікамі». 

Што адбываецца ў працэсе над Таццянай Туравец, якую вінавацяць у гвалце да супрацоўнікаў міліцыі?

Высветлілася, што ў матэрыялах справы маюцца медычныя дакументы, якія сведчаць, што ў Таццяны Туравец пасля затрымання былі выяўленыя пашкоджанні пляча.

Абаронца Таццяны Туравец 13 траўня хадайнічала ў судзе аб правядзенні судова-крыміналістычнай экспертызы пальчатак міліцыянта Старчанкі, якія Туравец нібыта пракусіла. Бо ў агучаных матэрыялах справы маецца заключэнне эксперта, паводле якога на міліцэйскай пальчатцы быў выяўлены толькі прарыў па шве, але не пашкоджанні ад чалавечых зубоў. Суддзя Наталля Траццякова пастанавіла разгледзець пытанне аб заяўленым хадайніцтве пасля таго, як будуць атрыманыя вынікі таваразнаўчай экспертызы, на якую ўжо накіравалі пальчатку пацярпелага супрацоўніка Віцебскага РАУС Старчанкі. Ён хоча атрымаць за «пашкоджаную пальчатку» 50 рублёў кампенсацыі.

Жарсці вакол падранай пальчаткі пацярпелага Старчанкі

Сёння ў судзе былі агучаныя вынікі таваразнаўчай экспертызы пальчаткі пацярпелага Старчанкі.

Пацярпелы і абвінавачваемая азнаёміліся з яе вынікамі.

Удакладнена таксама матэрыяльнае патрабаванне. Раней за пальчатку Старчанка прасіў 50 рублёў кампенсацыі, а пасля экспертызы - 16 рублёў 15 капеек.

Таццяна Туравец па-ранейшаму не ўпэўнена, што пашкоджанне пальчаткі здзейсніла менавіта яна і не прызнае матэрыяльны зыск пацярпелага.

Яна хадайнічае аб правядзенні яшчэ адной экспертызы пальчаткі – на гэты раз крыміналістычнай.

Адвакат кажа, што разрыў пальчаткі па шве не характэрны пры ўкусе зубамі.

Пракурор супраць прызначэнне новай экспертызы: ёсць паказанні пацярпелага і сведак, няма падставы ім не давяраць, а новая экспертыза толькі зацягвае судовы працэс.

Суддзя пасля перапынку прыняла рашэнне адмовіць у хадайніцтве.

Адвакат просіць суд правесці судовы эксперымент, каб пераканацца, што разрыў пальчаткі па шве ў азначаным месцы немагчымы пры ўкусе зубамі.

Пракурор ізноў супраць. Суд адмаўляе ў следчым эксперыменце.

У другой палове дня ў судзе абудуцца судовыя спрэчкі.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Справа Туравец: у судзе жарсці вакол падранай пальчаткі міліцыянта