Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 11 Жнівень 2026

Памёр Аляксандр Мілінкевіч, былы кандыдат у прэзідэнты ад аб’яднаных дэмакратычных сіл, вядомы навуковец і грамадскі дзеяч, лаўрэат прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На ўзор гэтай прэміі кіраўнік руху “За Свабоду” заснаваў уласна беларускую прэмію  «За свабоду думкі» . Ён шмат разоў прыязжаў на Віцебшчыну, у вёску Бычкі Вушацкага раёну, каб ў дзень народзінаў славутага пісьменніка Васіля Быкава на ягонай радзіме ўганараваць гэтай прэміяй тых, хто зрабіў вылікі ўнёсак у развіццё беларушчыны.

Пра смерць Аляксандра Мілінкевіча  паведаміў у Facebook Ігар Кулей, сын жонкі палітыка. Напрыканцы 2025 года Аляксандр Мілінкевіч перанёс складаную аперацыю на соннай артэрыі. Пасля яе ён доўгі час знаходзіўся ў цяжкім стане і праходзіў рэабілітацыю. Палітыку было 79 гадоў.

Чым вядомы Аляксандр Мілінкевіч:

Навуковец і выкладчык: Кандыдат фізіка-матэматычных навук, выкладаў у Гродзенскім універсітэце.

Былы кандыдат у прэзідэнты: У 2006 годзе быў вылучаны адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад аб'яднаных дэмакратычных сіл. Менавіта пасля тых выбараў адбыліся масавыя пратэсты на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску («Плошча-2006»).

Лаўрэат прэміі Сахарава: У 2006 годзе Еўрапарламент узнагародзіў яго прэстыжнай прэміяй імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

Грамадскі і культурны дзеяч: Шмат гадоў узначальваў Рух «За Свабоду», з'яўляўся заснавальнікам і канцлерам Вольнага Беларускага Універсітэту, а таксама працаваў пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай па пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі.

Ураджэнец Гарадзеншчыны, ён неаднаразова бываў на Віцебшчыне. Ен увесь час падтрымліваў сувязі з мясцовымі актывістамі. Гэтыя сувязі не перарываліся і пасля прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 года, калі  палітык выступіў адзіным кандыдатам ад аб’яднаных дэмакратычных сіл.

Візіты у наш рэгіён далёка не заўсёды былі для Аляксандра Мілінкевіча пазітыўнымі і прыемнымі, як тое ж уручэнне прэміі "За свабоду думкі" у "быкаўскіх" Бычках. У лістападзе 2006 года падчас агітацыйнай кампаніі ў мясцовыя органы ўлады аўтамабіль Аляксандра Мілінкевіча на ўездзе ў Віцебск спынілі супрацоўнікі міліцыі і ДАІ. Яго затрымалі па абсурднай прычыне -  нібыта ён «падобны да вінаватага ў смяротным ДТП», але пасля разбіральніцтва ў аддзеле ДАІ адпусцілі з прабачэннямі.

У ліпені 2006 года палітыка спынялі ў Віцебскай вобласці, калі ён накіроўваўся наведаць зняволенага тады Паўла Северынца. У багажніку машыны знайшлі лістаўкі, на Мілінкевіча  склалі пратакол і адпусцілі.

У пазнейшыя гады Аляксандр Мілінкевіч неаднаразова прыязжаў у Віцебск, дзе падтрымліваў збор подпісаў за незалежных кандыдатаў на ўдзел у выбарах розных узроўняў.

У нашым архіве засталося шмат здымкаў Аляксандра Мілінкевіча, зробленых падчас візітаў у наш рэгіён. Давайце запомнім яго вось такім – усмешлівым, шчырым, прыязным чалавекам, які праз усё жыццё пранёс веру ў годны лёс Беларусі.

Алег Несцераў

Галерэя выяваў