Сёлета 29 студзеня суддя Першамайскага райсуду Міхаіл Юрчанка прысудзіў віцябляніну паўтара гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, штраф памерам 100 базавых велічынь і кампенсацыю маральнай шкоды на карысць траіх пацярпелых міліцыянтаў на агульную суму 5500 рублёў.
Паводле абвінавачання, 28 жніўня, 7 верасня і 27 верасня 2021 года, знаходзячыся на тэрыторыі Федэратыўнай Рэспублікі Германія, Дзмітрый Палякоў размясціў у «Telegram» у агульнадаступнай публічнай групе, прызнанай экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй, абразлівыя каментары з ненарматыўнымі выказваннямі, якія прыніжаюць аўтарытэт, гонар і годнасць асобы прадстаўнікоў улады – кіраўнікоў падраздзяленняў органаў унутраных спраў у сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў.
Суд прыняў да ўліку і тое, што ў кастрычніку 2023 года Палякоў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за несанкцыянаванае пікетаванне і захоўванне публікацый, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Сёлета 29 лютага беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Дзмітрыя Палякова палітычным зняволеным.
Барыс Малаеў