Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 03 Верасень 2021

Палітзняволенай Юліі Кашаверавай не задаволілі просьбу аб памілаванні

Ацаніць гэты матэрыял
(6 галасоў)
Юлія Кашаверава на судзе, люты 2021 году Юлія Кашаверава на судзе, люты 2021 году

Палітзняволенай віцяблянцы Юліі Кашаверавай адмовілі ў памілаванні. Як паведаміў бацька Юліі, прашэнне аб памілаванні напісала ейная бабуля. Камісія ў пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці прашэнне разгледзела, але не задаволіла. Як паведамлялася раней, Кашаверава ўжо дасылала прашэнне аб памілаванні ў так званы "Круглы стол дэмакратычных сіл" (КСДС), які ўзначальвае Юрый Васкрасенскі.

Нядаўна Сяргей Кашавераў быў на спатканні з дачкой ў папраўчай калоніі №4 Гомля, дзе адбывае пакаранне Юлія. Сустрэча доўжылася суткі. Перад тым дзяўчына крыху хварэла, але трымалася бадзёра. Бацька паведаміў, што Юля працуе на швейнай фабрыцы, робіць лякалы. 

Нагадаем, Юлію Кашавераву абвінавацілі ў тым, што на вулічным маршы пратэсту 4 кастрычніка 2020 году ў Віцебску яна пашкодзіла міліцэйскі бус і сарвала маску і форменную кепку з галавы супрацоўніка МУС (ч.1 арт. 339 КК - "Хуліганства"). Суддзя Сяргей Будрэвіч (суд Кастрычніцкага раёну) асудзіў былую медсястру дэсантнай брыгады 22-гадовую Юлію Кашавераву на паўтара года калоніі з адбываннем пакарання ва ўмовах агульнага рэжыму. Пракуратура патрабавала для Юліі 6 гадоў зняволення. 4 траўня Віцебскі абласны суд адмовіў у задавальненні скаргі Юліі Кашаверавай і пакінуў прысуд без зменаў.

Сваю віну Юлія Кашаверава прызнала часткова. Не адмаўляла, што была раззлаваная, бо ёй не далі аказаць дапамогу пацярпеламу ад дзеянняў супрцоўніка МУС, нанесла тры ўдары па задніх дзвярах міліцэйскага мікрааўтобуса. Але пераконвала , што па правых бакавых – удараў не наносіла, маску і кепку з супрацоўніка МУС не зрывала.

Пакаранне Юлія адбывае ў гомельскай папраўчай калоніі № 4. 

На волю мусіць выйсці ў сярэдзіне студзеня 2022 году.

С.Горкі