Друкаваць гэтую старонку
Нядзеля, 28 Ліпень 2013

Віцебскія актывісты павіншавалі палітвязьняў з угодкамі прыняцьця Дэклярацыі пра незалежнасьць Беларусі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Лісты і паштоўкі з пажаданьнямі моцы духу, надзеі і веры накіравалі палітзьняволеным віцебскія актывісты. Меркавалася, што допісы дойдуць у месцы зьняволеньня ў дні, бліжэйшыя да даты прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Зрэшты, калі палітвязьні атрымаюць лісты - залежыць ад працы цэнзараў. Але словы падтрымкі ніколі не бываюць лішнімі.

Некаторыя зь віцебскіх актывістаў лістуюцца з палітвязьнямі стала – прыкладам, Аляксей Гаўруцікаў, сябар і аднадумца Міколы Статкевіча. А некаторыя пішуць ня часта, але іхныя пажаданьні ня менш шчырыя.

“Вельмі важна пісаць лісты вязьням, якіх мы лічым палітычнымі, каб гэтыя людзі ведалі нашу падтрымку і салідарнасьць зь імі, нашу надзею як найхутчэй убачыць іх на свабодзе”, - гаворыць актывіст партыі БНФ Кастусь Смолікаў.

“Гэтыя акцыі вельмі патрэбны, таму што чалавек, які ізаляваны ад грамадзтва, пачувае сябе адзінокім. І любое слова падтрымкі з волі дае яму стымул і надзею, падымае настрой і дае сілы дачакацца вызваленьня”, - працягвае актывістка той жа партыі Галіна Магучая.

“Наяўнасьць палітзьняволеных – гэта ганьба для краіны. Я салідарная з тымі мужнымі людзьмі, якія цяпер знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі па палітычных матывах. Я ганаруся іх сілай духу, жадаю ім найхутчэйшага вызваленьня”, - кажа каардынатарка кампаніі “Гавары праўду” Лідзія Сагідуліна.

Алена Фаміна, прыхільніца БСДП (Народная Грамада), лічыць неабходным праводзіць акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, а таксама падтрымліваць іх сваякоў: “Мы падпісалі шмат паштовак палітвязьням, але ня ўсе яны, верагодна, дойдуць да адрасатаў… Але галоўнае, что сваякі палітвязьняў павінны ведаць, – гэта што яны не адзінокія, што мы перажываем за іхных блізкіх, якія вымушаныя знаходзіцца за кратамі, мы будзем маліцца за тое, каб родныя людзі сустрэліся, абняліся, парадаваліся адно аднаму як мага хутчэй! Я шматкроць сустракалася з рознымі людзьмі падчас выбарчых кампаніяў і хачу сказаць, што ў нас няма абыякавых да ўсяго таго, што робіцца ў краіне, няма тых, хто не спачуваў бы палітвязьням за кратамі”.