Друкаваць гэтую старонку
Субота, 04 Студзень 2014

Валянціна Аліневіч: Сьнег у Наваполацкай калёніі блакітны з-за шкодных выкідаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Валянціна Аліневіч Валянціна Аліневіч

Маці палітвязьня Ігара Аліневіча сустрэлася зь ім у турме. «Доўгатэрміновае спатканьне» адбылося 24 сьнежня і працягвалася менш за суткі. У інтэрвію сайту charter97.org Валянціна Аліневіч распавяла пра ўмовы ўтрыманьня свайго сына.

«Да апошняга моманту спатканьне было пад вялікім пытаньнем, - паведаміла маці Ігара Аліневіча. - І сын, і мы знаходзіліся ў падвешаным стане. Ён напісаў, што апошнім часам спагнаньне ідзе за спагнаньнем, у любы момант могуць пазбавіць спатканьня. Але ўсё ж яно адбылося, хоць нават поўныя суткі не далі. Ігара прывялі а 15:00, а адвялі на наступную раніцу а 9:30.

Зьнешні выгляд - такі самы, толькі худы і бляды. Але так выглядаюць усе, цяжка чакаць чагосьці іншага. Дух - ранейшы. Пра сябе нічога не распавядаў асаблівага. Казаў, што апошнім часам рэжым стаў больш жорсткім. Ранейшага начальніка калёніі адправілі на павышэньне ў Віцебскі ДВП. Іншыя зьняволеныя распавядалі пра тое, што былі пляны зачыніць Наваполацкую калёнію з-за пашырэньня «Нафтану», які стаіць плот да плоту зь ёй, але потым іх адмянілі».

Валянціна Аліневіч паведаміла, што колькасьць зьняволеных у калёніі зьменшылася ў тры разы. Цяпер там утрымліваюцца 960 чалавек. Таксама яна зьвярнула ўвагу на жахлівую экалягічную абстаноўку ва ўстанове.

« Шкодныя выкіды ў атмасфэру робяць па начох, - распавяла яна. - На наступную раніцу сьнег - блакітнага колеру. Ведаю, што Андрэй Саньнікаў у свой час пісаў скаргу на экалягічны стан калёніі, але штраф даслалі менавіта калёніі, а ня тым нафтахімічным гігантам, якія знаходзяцца побач.

Сваякі зьняволеных таксама казалі пра тое, што агародніны ў турэмнай краме амаль не бывае, не кажучы ўжо пра малочныя прадукты, а нацэнкі складаюць 30-40%. Гэта адзіная калёнія, дзе законны дазвол зьняволеным на тэлефанаваньне дадому на практыцы фактычна ня дзейнічае. Ва ўсіх калёніях маюцца таксафоны, а зьмешчаныя ў іх людзі маюць права тэлефанаваць дадому 3 разы на месяц. У Наваполацкай калёніі такога няма. Расклад тэлефанаваньняў ёсьць, але ён не выконваецца. Мала таго, трэба яшчэ напісаць заяву, якую могуць і не падпісаць, трэба паведаміць сваіс родным, а ліст можа своечасова і не дайсьці, можа быць страчаны ключ ад пакою і гэтак далей. Гэта тычыцца ня толькі Ігара, гэта ўласьціва ўсёй гэтай цікавай калёніі, ранейшага кіраўніка якой, паўтараю, паслалі на павышэньне».

Валянціна Аліневіч распавяла пра тое, што размова з сынам зацягнуўся да самай раніцы: «Размаўлялі пра палітвязьняў, былых і будучых, Беларусь і Расею, пра Солжаніцына, пра Хадаркоўскага і Пераверзіна, пра Ўкраіну, пра таварышаў, сваякоў і сяброў, пра Эўропу і праваабарончыя арганізацыі ды пра шмат што іншае , - распавяла яна. - Мы з мужам прывезьлі маленькую ялінку, сьвечкі і традыцыйна марозіва, якое ён прасіў, таму ў нас таксама было маленькае сьвята. Хоць за сьценамі гэтага маленечкага пакойчыку брахалі вартавыя сабакі, а акно было за кратамі. Ігар сказаў, што ўжо пачаў атрымліваць калядныя віншаваньні і прасіў усіх павіншаваць з навагоднімі сьвятамі і падзякаваць за салідарнасьць”.

Нагадаем, Ігара Аліневіча разам зь іншымі актывістамі анархісцкага руху затрымалі ў верасьні 2010 году. Працэс над імі пачаўся ў траўні 2011 году. Ігар Аліневіч атрымаў найбольшы тэрмін - 8 гадоў - за ўдзел у антываенным шэсьці каля Генштабу Рэспублікі Беларусь, а таксама па абвінавачваньні ў зьдзяйсьненьні нібыта хуліганскіх акцыяў супраць амбасады Расейскай Фэдэрацыі, банкаў і казіно.

Хартыя ‘97