Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 28 Студзень 2016

Франц Сіўко прэзэнтаваў у Віцебску сваю новую кнігу

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Франц Сіўко Франц Сіўко

21 студзеня ў віцебскай бібліятэцы імя Леніна адбылася літаратурная сустрэча зь беларускім пісьменьнікам і публіцыстам Францам Сіўко. Фармальнай нагодай для спатканьня самага вядомага з сучасных віцебскіх літаратараў са сваімі чытачамі стаў выхад яго чарговай кнігі «Плебейскія гульні».

Да сустрэчы, якая праходзіла ў памяшканьні аддзелу краязнаўчай літаратуры, супрацоўнікі падрыхтавалі выставу кніг і публікацыяў аўтара, надрукаваных у пэрыядычных выданьнях. Пасьля таго, як ў залі разьмясьціліся знаёмыя, сябры і прыхільнікі Франца Сіўко, прагучаў невялікі запіс літаратурнага аналізу яго творчасьці, зроблены полацкім паэтам Алесем Аркушам. Камэнтуючы выказаныя Алесем заўвагі, спадар Франц зазначыў, што літаратурныя крытыкі, дарэчы, як і чытачы, маюць поўнае права распараджацца аўтарскім тэкстам, які пасьля выхаду з друку перастае быць уласнасьцю пісьменьніка і пачынае жыць сваім самастойным жыцьцём. Таму крытычныя заўвагі адносна ягоных кніг і герояў маюць поўнае права на існаваньне, але яны не турбуюць пісьменніка і не псуюць яму нэрвы.

Далей Франц Іванавіч зрабіў спробу, наколькі гэта магчыма, адчыніць перад чытачамі дзьверы сваёй творчай лябараторыі. Паспрабаваў распавесьці, як пераасэнсаванае аўтарскай сьвядомасьцю жыцьцё становіцца літаратурай.

Даволі прыязна прысутныя паставіліся да прадэманстраваных на экране фотаздымкаў, кожны зь якіх пісьменьнік аздобіў сваімі дасьціпнымі і арыгінальнымі заўвагамі.

Як аказалася, літаратар працяглы час працаваў школьным настаўнікам у Верхнядзьвінску і Віцебску, а затым выкладчыкам у мясцовым унівэрсытэце. Штодзённыя клопаты і не малыя пэдагагічныя нагрузкі не спрыялі творчай дзейнасьці, якая патрабуе шмат вольнага часу, засяроджанасьці і адзіноты. І хаця першыя творы пачалі зьяўляцца даволі рана, сапраўдная вядомасьць прыйшла пасьля выхаду ў 2001 годзе кнігі «Удог».

Павесяліў прысутных і расповед пра хлопца Васю, якога некалі малады настаўнік у канцы свайго першага адкрытага ўроку папрасіў падзяліцца тым, якія ж высновы ён зрабіў з засвоенага. Занятак, прысьвечаны працы, мусіў арыентаваць вучняў на прафэсійны выбар у будучыні. Ніколькі не камлексуючы, з выразам поўнай упэўненасьці ў сабе, далёка ня самы лепшы вучань у клясе выпаліў: «Дзе харчы, там і тырчы!»

Перш як прэзэнтаваць сваю новую кнігу «Плебейскія гульні», Франц Сіўко прыгадаў выдадзеныя раней. Асабліва цёпла адазваўся ён пра кнігу «Эдэм», даць назву якой доўга ня мог. Здавалася б, гэтых «эдэмаў» ужо цэлае мора, але ў дадзеным кантэксьце ён пагаджаецца з выказаным да яго: «Эдэм – гэта тое месца, дзе нам добра і куды староньніх не пускаюць». То бок, як сказаў пісьменьнік, літаратару заўсёды хочацца, каб яго разумелі, але бываюць выпадкі, калі гэта не абавязкова, і калі пажадана ненадоўга схавацца ад усіх.

З назовам для «Плебейскіх гульняў» пытаньняў не было. Былі пытаньні іншага кшталту – фінансавыя. Іх вырашэньню ў пэўнай ступені паспрыяў знаёмы пісьменьніка – Аляксандар Іванавіч, якога зь вялікай удзячнасьцю ён і прадставіў прысутным.

У кнізе некалькі твораў. Адзін зь іх называецца «Цымант» – гэта постгісторыя, якая распавядае пра жыцьцё сваякоў маньяка, які ў свой час забіў трыццаць шэсьць жанчын. Адна зь іх некалі была вучаніцай Франца Іванавіча. Гэта яго вельмі ўразіла, але яшчэ больш уразілі яго словы маці забітай дзяўчыны, якую ён сустрэў, калі тая прыехала на суд.

– І як сябе паводзіў на працэсе гэты зьвер? – запытаў пісьменьнік.

– Ой, не скажыце! Калі ён кажа, то ўся заля міжволі паддаецца магіі ягонай абаяльнасьці, – адказала жанчына, якая ніколі не вылучалася нейкай сэнтымэнтальнасьцю.

Зазвычай, зьнешнасьць вельмі падманлівая, і асабліва падманлівае першае ўражаньне. Не жадаючы надаваць вобразу забойцы хаця б уяўнага арэолу гэтай прыхаванай абаяльнасьці, творца перадае трагізм сытуацыі праз вобразы блізкіх маньяку людзей і робіць такім чынам гэты пэрсанаж нецікавым. Так, гэты чалавек забіваў, але ён прыносіў дадому каштоўныя рэчы, кідаў іх у скрыначку, і ягоныя дзеці гэтымі залатымі цацкамі часам забаўляліся. А жонка зрабіла зь іх каронкі...

Як зазначыў творца, нягледзячы на тое, што тэма складаная, але пісалася лёгка. Цяпер цікава, як паставіцца да гэткага падыходу да адлюстраваньня рэчаіснасьці чытач. Наогул, пісьменьніка вельмі займае тэма помсты і дараваньня, надакучвае паказное чалавекалюбства.

Аднак, як ні намагайся перадаць атмасфэру сустрэчы, – гэта амаль бессэнсоўна. Таму найчасьцей сустракайцеся зь людзьмі творчымі, знаёмцеся зь іхнымі творамі, узбагачайцеся духоўна і эмацыйна, гэтак, як удзельнікі сустрэчы зь віцебскім празаікам Францам Сіўко.

На завяршэньне творчай імпрэзы старшыня Віцебскай філіі Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Анастасія Лазебная падарыла Францу Іванавічу батык, намаляваны ўласнай рукой.

С. Горкі, Віцебская вясна