Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 08 Студзень 2019

«Добрая нагода» – месца, дзе можна абмяняцца ня толькі ідэямі, але і пірагамі

Ацаніць гэты матэрыял
(17 галасоў)

3 студзеня прайшла першая ў гэтым годзе сустрэча актывістаў Віцебску ў межах праекту «Добрая нагода». Гэтым разам імпрэза адбылася ў фармаце кейккросінгу. У залі арт-пабу «Торвальд» сабралася чалавек 15-20 – прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў і незалежныя журналісты, сябры мясцовай суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Ужо даволі вядомыя ў нашым грамадзтве правілы буккросінгу. Яго сутнасьць палягае ў абмене непатрэбнымі кнігамі. Паводле такога самага прынцыпу працуе і кейккросінг. Толькі ролю кніг адыгрываюць пірагі, прыгатаваныя ўласнымі рукамі. Прысутныя павінны былі абмяняцца кавалачкамі пірага. Але з салодкімі пачастункамі прыйшлі ня ўсе ўдзельнікі, і той, хто прыйшоў бяз слодычы, мусіў абмяняцца хаця б добрым і пазытыўным настроем.

Зразумела, акрамя абмену кавалачкамі пірагоў і іх дэгустацыі, абмяркоўваліся і розныя навіны. Так, актывіст грамадзкай арганізацыі Vitebsk4me Ўладзімер Булаўскі падзяліўся інфармацыяй пра дзейнасьць каардынацыйнай рады пры гарсавеце па праекце «Віцебск – навучальны горад», які рэалізуецца ў межах глябальнай праграмы ЮНЭСКО. У гэтую раду ўваходзяць сябры шматлікіх грамадзкіх арганізацыяў Віцебску і прадстаўнікі ўлады. Сама праграма ЮНЭСКО накіраваная на стварэньне і падтрымку ўмоваў для бесьперапыннага навучаньня на працягу ўсяго жыцьця.

Паводле словаў Уладзімера, падчас працы рады ад гарадзкіх чыноўнікаў паступіла прапанова, каб супольнымі намаганьнямі ўлады і грамадзянскай супольнасьці выпрацаваць стратэгію камунікацыі з гараджанамі, а таксама правесьці шэраг майстар-клясаў па працы ў сацыяльных сетках для кіраўнікоў і ідэолягаў. У далейшым магчыма было б, на думку Ўладзімера, стварыць старонкі раённых і гарадзкіх выканкамаў ў папулярных сацыяльных сетках, а таксама агульны гарадзкі інтэрнэт-чат, у якім гараджане задавалі б надзённыя і праблемныя пытаньні, а чыноўнікі на іх адказвалі б.

Некаторыя з прысутных актывістаў выказалі сумнеў, ці пойдзе ўлада на такую адкрытасьць і транспарэнтнасьць, бо праблемаў у горадзе багата, а рэпутацыя гарадзкіх уладаў вельмі нізкая. Як бы ўсе гэтыя чаты і старонкі ў сацыяльных сетках не ператварыліся ў суцэльную стужку нэгатыву. Бо ў гараджан да мясцовай улады і напраўду назапасілася шмат прэтэнзіяў. Як той казаў, ёсьць што спытаць.

Уладзімер Бяляўскі