Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне. Беларусаў і беларусак забіраюць з дома, затрымліваюць на працы, адбываюцца вобшукі і допыты, заводзяцца новыя палітычна матываваныя крымінальныя справы. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам праз тэлеграм-бот @viasna_bot ці на гарачую лінію:

  • +375 44 734 45 51
  • +375 29 835 94 49
  • Тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Мінск

Напярэдадні, 18 траўня, у мінскі і рэгіянальныя офісы партала TUT.BY, а таксама дамой да часткі супрацоўнікаў прыйшлі сілавікі, каб правесці вобшукі. Таксама яны праходзілі ў офісах Hoster.by і Av.by. Дэпартамент фінансавых расследванняў КДК паведаміў, што супраць TUT.BY узбуджана крымінальная справа па факце ўхілення ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 2 арт. 243 КК). Больш за дзясятак журналістаў, супрацоўнікаў TUT.BY, партнёраў перасталі выходзіць на сувязь. Частку бліжэй да ночы вызвалілі, але як мінімум 10 чалавек застаюцца затрыманымі.

Дагэтуль ні блізкім, ні адвакату невядома, дзе знаходзіцца ўдава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская. Таксама няма сувязі з намесніцай галоўнага бухгалтара Марыяй Новік.

Затрыманага каля офісу TUT.by журналіста "Беларусы і рынак" Арцёма Маёрава 19 траўня будуць судзіць за «дробнае хуліганства». 

У офіс TUT.by і да журналістаў прыйшлі сілавікі

Храналогія падзей 18 траўня

Віцебск

"Віцебская Вясне" стала вядома, што затрыманых 17 траўня ў Наваполацку давераную асобу Ціханоўскай Алену Радзькову і актывіста Артура Сінегу падазраюць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Па пакуль непацверджанай інфармацыі, яны могуць зназодзіцца ў СІЗА№2 у Віцебску. 

radzkova.jpg
Алена Радзькова

Ваўкавыск

Суд Ваўкавыскага раёна прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал "Ваўкавыск для жыцця Чат", паведамляе прэс-служба Генпракуратуры. З просьбай прызнаць ТГ-канал экстрэмісцкім звярнулася пракуратура Ваўкавыскага раёна.

Ліда

Наяпрэдадні ўвечары ў Лідзе быў затрыманы Сяргей Сёмуха. Верагодна, справа датычыцца абразы суддзі Філатава ў пасце ў "Аднакласніках". Зараз Сёмуза ўтрымліваецца ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання.

Будзе дапаўняцца

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу ў Беларусі 19 траўня