Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 26 Люты 2019

Падазрэньне ў зьдзяйсьненьні злачынства – не падстава для жорсткасьці

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Фота: ПЦ "Вясна" Фота: ПЦ "Вясна"

Як не абгаварыць сябе і як супрацьстаяць прымусу да дачы паказаньняў? Праваабарончы цэнтар “Вясна” прадстаўляе чарговы матэрыял у межах мультымэдыйнага праекту #БезПраваНаРасправу.

Калі праваахоўнікам не стае прафэсіяналізму альбо калі злачынства падаецца ім відавочным, але пошук вінаватых пры гэтым заходзіць у тупік, месца закону і права займае жорсткасьць.

Мала хто з простых грамадзянаў ведае, што ў Крымінальным кодэксе маецца артыкул 394 – “Прымус да дачы паказаньняў”.

Паводле гэтага артыкулу караецца прымус падазраванага, абвінавачанага, пацярпелага, сьведкі да дачы паказаньняў альбо экспэрта – да дачы заключэньня шляхам прымяненьня пагрозы, шантажу ці ажыцьцяўленьня iншых незаконных дзеяньняў асобай, якая зьдзяйсьняе дазнаньне, папярэдняе сьледзтва альбо ажыцьцяўляе правасудзьдзе.

Калі гэта зьвязана з гвалтам альбо зьдзекам, пакараньне можа сягаць 7 гадоў пазбаўленьня волі, а з ужываньнем катаваньняў – да 10 гадоў.

Шкада, што амаль нічога невядома пра выпадкі, калі гэты артыкул спрацоўваў бы. Дый цяжка ўявіць сабе судзьдзю ці сьледчага, якія  б катавалі абвінавачанага: зьбівалі, гвалтавалі, падвешвалі на кайданках. А калі няма сьлядоў катаваньняў – дык хто будзе слухаць “арыштанта”, якому паабяцалі, напрыклад, пасадзіць усю сям'ю, калі ён не прызнае віну па нейкім бязглуздым абвінавачаньні?..

Часьцей, вядома, гэтыя “пішучыя машынкі” самі рук ня пэцкаюць: для брудных справаў ёсьць МУС са шматлікай арміяй апэратыўных супрацоўнікаў, якія звыкла дапамогуць разгаварыць непакорлівага “злачынцу”.

Адзіны вядомы выпадак з гэткім абвінавачаньнем, якое дайшло да суду, – справа старэйшага сьледчага па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай, якая, на думку сьледзтва, пры дапамозе жорсткага ўнутрыкамэрнага агэнта-крымінальніка зь СІЗА-1 дамагалася ад падсьледных патрэбных паказаньняў. Праўда, фінал гэтай справы аказаўся вельмі цьмяны: агэнт, паводле нашых зьвестак, быў апраўданы і загінуў у іншым СІЗА, а за што канкрэтна атрымала ў закрытым працэсе сваё сымбалічнае пакараньне былая высокапастаўленая супрацоўніца Генпракуратуры Байкова – засталося таямніцай.

Расстрэл замест праверкі скаргаў пра катаваньні

У сьвяцілішчы правасудзьдзя – Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь, у прысутнасьці публікі двое асуджаных на сьмерць напрыканцы 2017 году паведамілі пра ўжываньне да іх катаваньняў падчас сьледзтва.

Жыхар Магілёву Ігар Гершанкоў заявіў, што ў дачыненьні да яго на стадыі сьледзтва ўжывалася фізычная сіла з мэтай уплыву на паказаньні, пасьля чаго ён напісаў яўкі з павіннай па тым дзеяньням, якія не зьдзяйсьняў. Суд разгледзеў гэтую скаргу Гершанкова і... адмовіў у задавальненьні.

Сямён Беражной, які таксама праходзіў па справе “чорных рыэлтараў”, заявіў у судзе, што яго падчас расьсьледаваньня моцна зьбівалі, выкарыстоўвалі пры гэтым малаток, білі нагамі. Паведаміў канкрэтнае прозьвішча: “апэратыўнік Мурашка”. Падчас знаходжаньня ў ШІЗА Беражному зламалі рабро, ён мачыўся крывёю, што было зафіксавана мэдыкамі.

“Білі ў 14-й камэры, потым – у 15-й камэры, білі таксама і сукамэрнікі, прозьвішча аднаго зь іх – Лапо. Гэтыя людзі былі завэрбаваныя супрацоўнікамі СІЗА”, – казаў Беражной.

Ужо ў Менскім СІЗА №1 зьбіваць Беражнога працягваў зьняволены “Слава Быстров”: душыў за горла і патрабаваў браць адказнасьць на сябе. Асаблівае зьдзіўленьне Cямёна Беражнога выклікаў той факт, што ён і без таго ахвотна супрацоўнічаў са сьледзтвам, паказваў месцы пахаваньняў і г.д.

Сытуацыя высьветлілася крыху пазьней – простай шчырасьці сьледзтву было мала, патрабавалася яшчэ і “дапамога”: сьледчы прапанаваў даць паказаньні і на Тацяну Гершанкову, хоць, па словах Беражнога, яна ня ведала аб чатырох забойствах.

Цікаўнасьць судзьдзі не пайшла далей за пытаньне пра тое, чаму ён раней не распавядаў пра гэтыя абставіны, на што Сямён Беражной адказаў: “Баяўся, што будуць зноў біць, альбо Мурашка, альбо яшчэ хто”. Хадайніцтва адваката аб правядзеньні праверкі было адхіленае.

Ігар Гершанкоў затым даможацца правядзеньня дадатковай праверкі і ў жніўні 2017 году атрымае апавяшчэньне з Магілёўскай пракуратуры аб адмове ва ўзбуджэньні справы супраць супрацоўнікаў, якія яго катавалі.

Празь некалькі месяцаў Сямён Беражной даведаецца, што пасьля яго шматлікіх скаргаў праверка ўсё ж адбылася, вынесеная пастанова аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Аб выніках разгляду скаргі ў суд на гэтую пастанову Беражному ўжо не паведамяць…

Напрыканцы лістапада 2018 году абодва асуджаныя былі расстраляныя. Тыя, хто мае дачыненьне да іх катаваньняў, могуць супакоіцца: ня маецца ніякіх юрыдычных мэханізмаў іх перасьледу – праз адсутнасьць расстраляных заяўнікаў. Не лічыць жа такім мэханізмам пракуратуру ці СК...

Праз адсутнасьць канкрэтнага артыкулу Крымінальнага кодэксу, які б прадугледжваў пакараньне для ўсіх, хто ўжывае катаваньні і забароненыя віды абыходжаньня –  жорсткае, бесчалавечнае, зьневажальнае, – маюцца спробы выкарыстаньня іншых артыкулаў КК, напрыклад – артыкулу 426.

Як перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў клясыфікуе Крымінальны кодэкс РБ?

Заяўляць пра прымяненьне катаваньняў і забароненага абыходжаньня трэба ў органы пракуратуры альбо Сьледчага камітэту. Заява можа быць адасланая поштай, пададзеная ці зробленая ў вуснай форме непасрэдна ў самім органе.

Працэсуальнае рашэньне па гэтай заяве можа быць абскарджанае ў пракуратуру, Сьледчы камітэт ці ў суд.

Пазбаўленьне працэсуальных правоў, адмова ў доступе да адваката, грубасьць і жорсткі ціск – гэта часта спрацоўвае. Але не ў выпадку з маладзёнамі-гарадзенцамі, пра якіх раней распавядалі праваабаронцы.

А вось Алена П., якую абвінавацілі ў крадзяжы, знаходзячыся пад ціскам, абгаварыла сябе. Пракуратура праверку не правяла, але заявіла пра адсутнасьць парушэньняў.

Суд ня стаў мудраваць і абгрунтаваў абвінаваўчы прысуд прызнаньнем абвінавачанай, хоць некаторыя іншыя абставіны справы прымушалі сумнявацца ў рацыі абвінавачаньня.

А вось зусім новая гісторыя. У першай палове дня напачатку лютага малады мянчук К. запрасіў дзьвюх знаёмых дзяўчат на экскурсію ў Курапаты. Хлопец цікавіцца гісторыяй і хацеў расказаць пра гэтае памятнае месца сяброўкам. Калі яны вярталіся, убачылі, што за імі ідуць падазроныя асобы. Пасьля аказалася, што гэта былі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным.

Усе трое былі затрыманыя і дастаўленыя ў Бараўлянскае аддзяленьне Менскага РУУС. Дзяўчат празь некаторы час адпусьцілі дамоў, а вось “аматара гісторыі” затрымалі аж на тры дні.

Разбураная "лава Клінтана" ў Курапатах. Фота Уладзімера Грыдзіна

К. пазьней расказаў праваабаронцам, што ў аддзяленьні міліцыі на яго крычалі, пагражалі праблемамі і патрабавалі прызнацца, што гэта нібыта ён зь сябрамі разбурыў у Курапатах “лаву Клінтана”.

“На сёньняшні дзень асобаў, затрыманых па справе аб разбурэньні “лавы Клінтана”, няма”, – заяўляе пры гэтым афіцыйны прадстаўнік Сьледчага камітэту РБ Юлія Ганчарова.

Маладога чалавека пратрымалі ў ізалятары тры дні і выпусьцілі, паведаміўшы, што могуць выклікаць яшчэ раз.

Кожнаму варта ведаць, што ў выпадку прымяненьня любых забароненых формаў абыходжаньня ўдзельніку працэсу неабходна заявіць аб зьдзейсьненым злачынстве як мага хутчэй, адразу ж пасьля ўжываньня такіх формаў. Калі скарга паступае да разгляду на максымальна раньняй стадыі крымінальнага працэсу, застаецца час для абскарджаньня няслушных высноваў праверкі. Асабліва гэта важна, калі ўдзельнік працэсу, пад уплывам жорсткага абыходжаньня альбо катаваньняў, абгаварыў сябе ці іншую асобу.

#БезПраваНаРасправу