Друкаваць гэтую старонку
Серада, 28 Чэрвень 2017

У Шумілінскім раёне ўшанавалі памяць расстраляных вязьняў Беразьвецкай турмы

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

26 чэрвеня, у 76-ю гадавіну забойства вязьняў глыбоцкай турмы «Беразьвечча», ля памятнага мэмарыялу на ўскраіне вёскі Мікалаева Шумілінскага раёну адбылася памінальная імша. Імшу адслужыў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Трагедыя пад Мікалаевам здарылася ў 1941 годзе. Калёна вязьняў Глыбоцкай турмы НКВД №28 была расстраляная на загад начальніка турмы Прыёмышава наўпрост на ўзбочыне дарогі, па якой яны этапаваліся. Колькасьць ахвяраў паводле розных зьвестках склала ад шасьцісот да трох тысячаў чалавек.

На сёлетнюю памінальную імшу сабраліся каталіцкія вернікі зь Мікалаева, Вулы, Андрэева і навакольных вёсак. Прыехалі журналісты ды грамадзкія актывісты зь Менску, Віцебску, Глыбокага.

Казаньне біскупа Алега Буткевіча было прачулым і глыбокім па зьмесьце. Ён адзначыў:

– Сёньня з вамі сабраліся ў чарговы раз. Гэта стала ўжо добрай традыцыяй. Сабраліся ў месцы апошняга прытулку больш як для двух тысячаў чалавек, якія сышлі з гэтага сьвету праз чалавечую несправядлівасьць. Сёньня, молячыся, у чарговы раз просім аб дары Божай міласэрнасьці, аб прыняцьці духу памерлых у Божае валадарства, чакаючы ласкі ўваскрэсеньня для іх, бо гэта ёсьць праўдай нашай хрысьціянскай веры. Веры ва ўваскрэсеньне памерлых, у вечнае жыцьцё ў супольнасьці збаўленых.

Але сёньня ў чарговы раз варта ставіць пытаньне: «Чаму ў гісторыі адбывалася і адбываецца несправядлівасьць, якая вядзе да загубы людзкога жыцьця?» І адказ на гэтае пытаньне – «Ёсьць памылковая ідэалёгія». Памылковае ўяўленьне пра тое, кім ёсьць чалавек, чым ёсьць чалавечае жыцьцё, і ў чым прызначэньне чалавека. І калі ісьці далей, то мы абавязкова прыйдзем да пытаньня веры. Калі не трымаюцца праўды, а трымаюцца толькі таго, што нам хочацца, то заўжды можна прыйсьці да такіх вось наступстваў.

На жаль, сёньня ў сьвеце ў імя веры гінуць людзі. І таму для нас, як каталікоў, вельмі актуальнымі застаюцца пытаньні: «Наколькі глыбокая мая вера? Наколькі я шукаю праўду, гэтак, як мне загадваў Езус Хрыстус?» І толькі праўда пра вечнае жыцьцё ратуе нас ад гэткіх памылак. Заўсёды такія трагедыі сыходзяць у пытаньне веры. Для нас Бог ёсьць рэчаіснасьцю, Бог ёсьць Айцом, Бог ёсьць любоўю. І калі мы будзем разумець гэта, будзе магчымасьць пазьбегнуць падобных трагедыяў і ў глябальных маштабах, і ў маштабах нашага асабістага жыцьця.

Пасьля сканчэньня супольнай малітвы перад прысутнымі выступіў стваральнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык:

– Такіх месцаў у Беларусі, на жаль, шмат. Усяго было дванаццаць расстрэльных калёнаў. І толькі ў трох месцах ёсьць крыжы і памятныя знакі тых трагедыяў. Учора наша дэлегацыя была ў горадзе Чэрвені, дзе ў 1941 годзе расстраляная аналягічная калёна, якая ішла зь Менску. Ейны шлях наогул быў няпросты, бо яе знішчалі ў некалькіх месцах: на Валадарцы, у раёне Менскага трактарнага заводу, у раёне Трасьцянца… Крыжы стаяць і ў чатырох месцах Чэрвеня. Учора была кароткая малітва і ўскладаньне кветак. Туды ўвесь час прыяжджае дэлегацыя зь Летувы, бо ў Менск пасьпелі эвакуяваць людзей стуль. Цяпер яны вечна будуць ляжаць у Чэрвеньскай зямлі.

Наогул, у сваёй прамове Сіўчык падаў шмат фактаў. Ён распавёў пра сваё падарожжа 24 чэрвеня ў Вялейку, дзе ў 1990 годзе падчас рэканструкцыі месца былой гарадзкой турмы былі знойдзеныя парэшткі вязьняў, якіх перапахавалі і да якіх штогод таксама ходзяць людзі. Калёну вязьняў з Вялейскай турмы расстралялі ля вёскі Касута. Што цікава, у гэтай вёсцы нарадзіліся аўтар першай украінскай канстытуцыі Піліп Орлік і дзеяч беларускага супраціву Расьціслаў Лапіцкі.

Выступіў перад прысутнымі і кіраўнік грамадзянскай ініцыятывы «Хайсы» Ян Дзяржаўцаў. Грамадзяне зь цікавасьцю паслухалі ягоны расповед пра расстрэлы рэпрэсаваных у перадваенны пэрыяд ва ўрочышчы Хайсы недалёка ад Віцебску. Ён падзяліўся зь людзьмі сваёй заклапочанасьцю наконт таго, што ўлады ня хочуць прызнаваць знойдзеныя там парэшткі за ахвяраў сталінізму, не зважаючы на сьведчаньні мясцовага жыхарства і рэчавыя доказы, знойдзеныя падчас раскопак.

Варта адзначыць, мясцовыя жыхары вельмі прыязна прынялі ўсе прамовы, у тым ліку і выступ намесьніцы старшыні Шумілінскага райвыканкаму па сацыяльных пытаньнях Ірыны Шалахавай, якая прамаўляла стрымана і была скупой на эмоцыі: маўляў, гісторыя ўсё расставіць па сваіх месцах. Не абурыліся людзі і з нагоды выкарыстаньня некаторымі актывістамі бел чырвона-белых сьцягоў. А вось кіраўніку раённай міліцыі Аляксандру Дзьмітрэнку і прысутным на мерапрыемстве чыноўнікам грамадзянская актыўнасьць не спадабалася. У адказ на абвінавачваньне ў правядзеньні несанкцыянаванага мерапрыемства актывістка Ніна Багінская заявіла мясцовай намэнклятуры: «Надыдзе час, і вы будзеце на каленях стаяць перад гэтым сьцягам, прысягаючы на вернасьць Беларусі».

С. Горкі