Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 23 Ліпень 2026

Былых зняволеных у Глыбоцкім раёне адправілі працаваць на ферму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У Глыбокім, арганізуючы “працатэрапію” да 12-ці чалавек, якія вызваліліся з месцаў несвабоды і лічацца “дармаедамі”, яшчэ і спаслаліся на патрабаванне Лукашэнкі “активно принимать участие в уборочной кампании, подготовке ферм к зимне-стойловому периоду,  строительстве объектов сельхозназначения”.

Падобныя мерапрыемствы, калі грамадзян, якія стаяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, накіроўваюць на бясплатную працу, у міліцыі прынята называць “прафілактычнымі захадамі”. Маўляў, яны  фармуюць ў “беспрацоўнага кантынгента” жаданне хутчэй знайсці працу. Месца, дзе гэтае жаданне мусіць як найхутчэй сфармавацца, абралі ферму ў СУП «Мярэцкія» . Людзей накіравалі туды прыбіраць смецце.  Па фотаздымку ў раёнцы “Веснік Глыбоччыны”  відаць, што іх не забяспечылі не тое што працоўным адзеннем – нават не далі рукавіцы.

На наступны дзень “працатэрапія” адбывалася ўжо ў самім райцэнтры. Былых зняволеных вырашылі ўжо традыцыйна выкарыстаць у якасці дворнікаў – прыбіраць Глыбокае напярэдадні раённага свята “Вішнёвы фэст”.  На думку начальніка КВІ Глыбоцкага РАУС Алега Гіголы, ягоны падначаленыя  падчас бясплатнай прымусовай працы “хоть немного почувствовали свою причастность к большим делам на малой родине”.

Падобная практыка “перавыхавання працай” пануе ў вобласці  ўжо некалькі год,  дармовую працу  тых, хто стаіць на ўліку ў КВІ, выкарыстоўваюць і ў Віцебску , і ў райцэнтрах і малых гарадах. У Наваполацку, да прыкладу, 118 такіх асобаў прыцягвалі  да “добраахвотных грамадскіх прац” ажно 64 разы на працягу першых 4-х месяцаў гэтага года. Праваабаронцы неаднаразова звярталі ўвагу на тое, што людзей выводзяць на вуліцы з мяцёлкамі і граблямі цалкам не падрыхтаванымі – без спецвопраткі, без медычнага асведчання і без інструктажа па тэхніцы бяспекі.

Прымусовая праца забаронена на заканадаўчым узроўні: у ч. 4 арт. 41 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сказана, што «прымусовая праца забараняецца, акрамя работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда або ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы». Аналагічная забарона ўтрымліваецца ў арт. 13 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. 

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікаваны Беларуссю яшчэ ў 1973 годзе, вызначае, што «ніхто не павінен прымушацца да прымусовай або абавязковай працы», а Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах замацоўвае права кожнага чалавека «на атрыманне магчымасці зарабляць сабе на жыццё працай, якую ён свабодна выбірае або на якую ён свабодна згаджаецца».

Ці можна абараніць сябе ад прыцягнення да такога кшталту дзейнасці? Можна накіраваць зварот у пракуратуру з просьбай правесці праверку законнасці распараджэння органа, які яго выдаў. Аднак тыя, хто стаіць на ўліку ў КВІ, асабліва калі мае крымінальнае мінулае, імкнуцца трымацца ад любых "органаў" падалей. Гэтым і карыстаецца міліцыя, разумеючы безабароннасць сваіх "падуліковых" грамадзянаў, калі выганяе іх на "прафілактычныя мерапрыемствы". 

Святлана Гудкова