255 грамадзян Узбекістана прыбылі ў Беларусь «на сезонныя работы ў сферы сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі». Іх сустракалі хлебам-соллю і песнямі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што на месцы іх чакаюць нармальныя ўмовы пражывання. Прычым ён запрашаў іх у Беларусь разам з сем’ямі. Маўляў, тут усё будзе па-брацку: што беларусам, то і замежным работнікам.
Аднак, паводле слоў узбекскіх гастарбайтараў, працадаўцы на месцы прапанавалі ім заробак у памеры $500 за месяц. Адзін з мігрантаў заявіў, што пасля выдаткаў на харчаванне і бытавыя патрэбы рэшта сумы не апраўдвае працу за мяжой. Іншыя ўдзельнікі звароту адзначылі, што на радзіме могуць зарабіць больш, чым у Беларусі. Яны заявілі пра жаданне вярнуцца дадому.
Паводле агенцыі па знешняй міграцыі, прадстаўнікі агенцыі і хакіміята Андзіжанскай вобласці ўжо працуюць на месцы сумесна з працадаўцамі для ўрэгулявання сітуацыі.Калі працадаўца адмовіцца выплачваць заробак, прадугледжаны працоўнай дамовай, або парушыць іншыя ўмовы, работнікаў перавядуць да іншага працадаўцы. Таксама разглядаецца магчымасць працаўладкавання мігрантаў у фермерскія гаспадаркі, створаныя узбекскімі інвестарамі ў Беларусі. Паводле звестак агенцыі, у працоўных дамовах прадугледжаны сярэдні штомесячны заробак у памеры $900–1000, а максімальны — $1200.
Беларускія прапагандысты ўжо кінуліся абвяргаць заявы ўзбекскіх мігрантаў і заявілі, што ў кепскіх умовах жылі толькі пяць чалавек у групе і толькі адну ноч. А велічыня заробкаў, маўляў, абмяркоўвалася загадзя. Рыгор Азаронак выклаў у сябе ў Тэлеграм-канале відэа, дзе гаворыцца, што інтэрнат, кадры якога распаўсюдзіліся ў сетцы, быў часовым месцам размяшчэння. Насамрэч мігранты нібыта правялі там усяго адну ноч, а цяпер ім далі іншае жыллё. Адзін з аўтараў відэароліка , які прыехаў у Беларусь у першай партыі грамадзян Узбекістана, таксама размясціў новы відэазварот, дзе кажа, што заробак ім паабяцалі ўжо большы - $700.
Станіслаў Рыльскі