Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 23 Май 2025

Здарыўся пажар - і ў Віцебску зноў загаварылі пра аварыйныя сараі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гарэла надворная пабудова на праспекце Фрунзэ. Сарай быў з тых, што будаваліся каля дамоў без камунальных выгодаў у 1950-я гады дла захавання дроваў і іншых гаспадарчых патрэбаў.  Цяпер нават у старых дамах з’явілася цэнтральнае ацяпленне, а сараі за 70 год прыйшлі ў нягоднасць і сталі небяспечнымі - “нічыйныя” пабудовы з прагнілымі лесвіцамі нясуць пагрозу дзецям, якія выкарыстоўваюць іх для гульняў. А яшчэ часцей такія сараі абіраюць для часовага прыстанку  бяздомнікі, як было ў апошнім выпадку.

Сарай у двары на праспекце Фрунзэ стаў “домам” для мужчыны без пэўнага месца жыхарства, а прычынай пажару было яго неасцярожнае абыходжанне з агнём. На пажары ніхто  не пацярпеў: няпрошаны “гаспадар” своечасова пакінуў сваё “жытло”.

Работнікі МНС патушылі агонь, а кіраўніцтва гэтай структуры зноў загаварыла пра небяспеку  наяўнасці з горадзе гэтых пабудоваў. “За последние три года случилось пять возгораний аналогичных построек по одной и той же причине – неосторожное обращение с огнем лиц, которые ведут асоциальный образ жизни, граждан без определенного места жительства”, -- прыцытавала словы начальніка Віцебскага гарадскога аддзела па надзвычайных здарэннях Віталя Валжанкова гарадская газета “Віцьбічы”.  

Кіраўніцтва мясцовай структуры МНС прыгадала, што яшчэ летась хадайнічалі перад гарадскім кіраўніцтвам, каб знесці непрыдатныя надворныя пабудовы, якія псуюць выгляд гораду і нясуць небяспеку. Улады нібыта пагадзіліся, прынамсі, вызначылі “самыя аварыйныя” сараі. Але знеслі  толькі тры- а ў горадзе іх больш за сотню. На знос патрэбны фінансавыя сродкі, а іх бракуе.

Юлія Пятроўская