Друкаваць гэтую старонку
Серада, 14 Май 2025

У Оршы можа з’явіцца памятны знак у гонар ліквідатараў наступстваў аварыі на ЧАЭС

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі аблвыканкам падтрымаў праект мясцовых жыхароў, якія выступілі з такой прапановай, падаўшы заяўку на конкурс грамадскіх ініцыятыў.  Іншых падрабязнасцяў пра гэты праект не паведамляецца:  ні  хто выступіў з ініцыятывай, ні як будзе выглядаць памятны знак, ні дзе яго ўсталююць. Чамусьці гэты конкурс аблвыканкама заўсёды мае патаемныя бакі.

Вядома, што вырабіць памятны знак павінна камунальнае прадпрыемства “Оршанская спецавтобаза”.  На знак і  устаноўку будзе выдаткавана 40 тыс. руб.:  4 тыс. - гэта ахвяраванні заяўнікаў, 18 тыс. абяцаюць выдаткаваць з абласнога бюджэту і яшчэ 18 - з рэспубліканскага. І гэта бадай што ўсё.

 Пра вынікі конкурсу, які ўжо некалькі год  ладзіць аблвыканкам, дзяржСМІ пішуць вельмі  каротка, і мы ўжо звярталі  на гэта ўвагу.  Але прагрэс ёсць: сёлета ідэі праектаў і сумы на іх рэалізацыю абвешчаны публічна.

Яшчэ хацелася б ведаць, ці былі ўвасоблены мінулагоднія ініцыятывы, на якія дзержаўныя грошы выдаткоўваліся летась.

 Што да памятнага знака ў гонар подзвіга ліквідатараў, то гэта ўвогуле вялікі прарыў. Віцебскія ўлады ўжо 20 год не рэагуюць на прапановы грамадскасці, у тым ліку і саміх удзельнікаў ліквідацыі наступстваў тэхнагеннай катастрофы ў Чарнобылі.

Таццяна Свіціна