Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 16 Лістапад 2018

Ніна Стужынская адкрывае сапраўдную гісторыю паўстанскага руху на Віцебшчыне

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Да стагадовага юбілею антыбальшавіцкіх паўстаньняў на Віцебшчыне 14 лістапада Эўрапейскі клюб абласнога цэнтру правёў шыкоўную сустрэчу з навукоўцам-гісторыкам Нінай Стужынскай. У адкрытых для вольнага доступу архівах дасьледчыца адкрывае непрычэсаную савецкай ідэалёгіяй гісторыю ўсталяваньня бальшавіцкай улады і народнага супраціву чырвонаму гвалту.

Як толькі ні называлі паўстанцаў у архіўна-сьледчых дакумэнтах: народныя партызаны, удзельнікі банд-арганізацыяў, народныя мсьціўцы. Пра тое, кім яны былі насамрэч і ішла размова на сустрэчы зь менскай дасьледчыцай.

«Зялёны рух»

Самай вядомай з папулярных крыніцаў, якія распавядалі пра антысавецкія паўстаньні на Віцебшчыне, доўгі час была кніга Юркі Віцьбіча «Антыбальшавіцкія паўстаньні ў Беларусі». Праўда, даверу да яе з боку афіцыйнай гістарыяграфіі было няшмат. Папрацаваўшы ў дзяржаўных архівах, Ніна Стужынская пераканалася, што інфармацыя, выкладзеная ў ёй, збольшага вартая даверу.

Рух супраціву 1918-1919 гадоў меў канкрэтную назву: «зялёны рух». Як сьведчаць архівы, савецкая ўлада на той час трымалася толькі на штыках Чырвонай арміі, рэпрэсіўных частках асобага прызначэньня, ЧК і ня мела аўтарытэту сярод насельніцтва. А вось рэальным жыцьцём на месцах кіравалі гэтак званыя атаманы. У кожнага была свая тэрыторыя, на якой той рэгуляваў жыцьцё грамады, – там, дзе быў ягоны дом, жылі ягоныя браты, бацькі, сваякі.

На сёньняшні час па падліках дасьледчыцы дакумэнтальна вядома пра восем паўстаньняў на Віцебшчыне. Хаця, зь яе перакананьня, іх было значна больш. Самымі вялікімі можна лічыць Вяліскае, Парэцкае, Сураскае, Гарадоцкае, Аршанскае паўстаньні.

Прычыны паўстаньняў

Сярод асноўных прычынаў паўстаньняў Ніна Стужынская называе камунізаваныя формы арганізацыі жыцьця. Перафармаваньне жыцьця на новы лад нечакана зрабіла зь селяніна-гаспадара крывапіўца-кулака. Наверх сацыяльнага жыцьця займелі магчымасьць падымацца людзі, якія ўчора былі яшчэ на самым нізе статуснай лесьвіцы, якія прызвычаіліся да халуйства і былі гатовыя служыць новай ўладзе. Як пераконвае дасьледчыца, партыйны апарат на месцах уяўляў сабой зборышча абсалютна выпадковых людзей. Яшчэ ўчора іх брыдзілася грамада, а сёньня яны ператвараліся ў прадстаўнікоў улады.

З дакумэнтаў вымалёўваецца карціна абсалютнай гідоты ў стаўленьні прадстаўнікоў савецкай ўлады да народу. Так, аддзел камуніста Маляўкі (Мёршчына) папросту рабаваў сялянаў.  Ён не спыняўся нават перад забойствамі людзей. І такія напаўкрымінальныя «маляўкі» былі ў кожнай воласьці. Іхныя дзеяньні выклікалі нянавісьць, схілялі да думкі, што праз такія рэпрэсіі гэтая ўлада доўга не пратрымаецца. У вачох насельніцтва яна была абсалютна нелегітымнай. Хто іх выбіраў і адкуль яны зьявіліся, для народу было незразумела. Эканамічны, прававы і нацыянальны нігілізм новых валадароў спрычыніліся да народнага супраціву. Чару цярпеньня перапоўніла харчразьвёрстка і жорсткае абыходжаньне з насельніцтвам.

Прывабны вобраз атамана Аберона

Распавядае Ніна Стужынская:

– Да судовых справаў, якія пачаліся ў 1923 годзе, дадаваўся, так бы мовіць, геройскі сьпіс атамана. Вельмі цікавай падаецца фігура атамана Аберона (мянушка: кароль эльфаў і феяў). Сапраўднае імя: Міхал Анушчанка. Ён пратрымаўся больш за ўсіх атаманаў. Актыўныя акцыі змагар праводзіў і ў 1923 годзе, і ў 1924-м. У 1923 годзе ён рабіў вялікія намаганьні, каб утрымаць свой аддзел, каб людзі працягвалі барацьбу.

Атаман быў вельмі творчым чалавекам: пісаў вершы і паэмы. З-за чаго карыстаўся папулярнасьцю сярод моладзі, якая нават пісала музыку да яго вершаў. У гэтак званых «рэчдоках» сьледзтва паэтычныя творы атамана і захоўваліся. Застаўся сьпіс – пералік ягоных паэмаў.

Найчасьцей атаманамі былі маладыя людзі з вайсковым досьведам, з пэўнымі ідэйнымі перакананьнямі. Як прапісана ў сьледчых дакумэнтах, яго паважалі нават камуністы. Вылучаўся атаман тым, што выступаў супраць габрэйскіх пагромаў і антысэмітызму. Праўда, куды зьнік гэты выбітны ўдзельнік антысавецкага супраціву, на жаль, не вядома.

Браты Жыгалавы

Браты Аляксандар, Канстанцін і Ўладзімер Жыгалавы (зь вёскі Барада) – дзеці мясцовага сьвятара – арганізавалі паход на Парэчча і былі ў ліку кіраўнікоў паходу на Вяліж. Адзін зь іх – сябра партыі кадэтаў, другі – эсэр.

У ноч з 12 на 13 лістапада, як па камандзе, паўстаньні ўспыхнулі ў Парэцкім і Вяліскіх паветах. Уся справа мела арганізаваны характар.

Сяляне захапілі Парэчча, але здолелі ўтрымаць яго толькі да 18 лістапада. Спачатку бранявік з вайскоўцамі, а затым чырвоная кавалерыя выбілі аддзелы паўстанцаў з гораду. Прычына ў тым, што сяляне былі дрэнна ўзброеныя і слаба арганізаваныя. Толькі 50 чалавек на пачатак паўстаньня мелі зброю. 70 паўстанцаў былі забітыя і сотні параненыя. У палон трапілі блізу 200 чалавек, амаль ня ўзброеных.

Пасьля паразы паўстаньняў браты Жыгалавы працягнулі змаганьне. Два браты загінулі ў 1919 годзе ў выніку здрады братоў Філімонавых, якія здалі іх чэкістам. Сярэдні брат загінуў праз год, таксама ў выніку здрады.

С. Горкі