Паводле словаў Бандарэнкі, Мікалай Статкевіч перадаў вялікае прывітанне Андрэю Саннікаву і падзякаваў усім беларусам за падтрымку. На пытанне: «Што б ты хацеў сказаць беларусам?» ён адказаў: «Жывіце годна!»
Нагадаем, 11 верасня 2025 года Лукашэнка памілаваў Статкевіча і яшчэ 51 зняволенага. Усіх, акрамя Мікалая, прымусова перамясцілі з месцаў зняволення на тэрыторыю Літвы. Палітык адмовіўся ад дэпартацыі, а па дарозе да мяжы з Літвой выбіў дзверы аўтобуса і выскачыў на нейтральнай паласе паміж краінамі.
Праз некалькі гадзін ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі, дзе яго забралі людзі ў масках. Доўгі час было невядома, дзе ён знаходзіцца. Жонцы зняволенага палітыка паведамілі, што пасля дэмаршу на мяжы ён зноў “адбывае пакаранне згодна з прыгаворам Гомельскага абластнога суда ад 14.12.2021». Пасля загаду пра памілаванне гэта выглядала як юрыдычны і прававы нонсенс. 17 верасня 2025 года сам Аляксандр Лукашэнка асабіста прызнаў, што Мікалай Статкевіч у Беларусі, але дзе менавіта і ў якім стане — не агучыў.
Ад вызваленых палітзняволеных, з якімі разам палітыка трымалі цягам ночы да дэпартацыі, стала вядома, што ў яго істотна пагоршыўся стан здароўя. Нават ранкам 11 верасня ў Статкевіча быў прыступ арытміі, але на той момант, калі ён адмаўляўся пераходзіць з беларускага на літоўскі бок, палітык выглядаў упэўнена і цверда заяўляў, што ягонае месца - толькі ў Беларусі.
Мікалая Статкевіча затрымалі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, і ў 2021 годзе асудзілі да 14 гадоў калоніі ва ўмовах асаблівага рэжыму за арганізацыю «масавых беспарадкаў».
З пачатку ліпеня 2022 года, з таго часу, як Мікалай Статкевіч пачаў адбываць пакаранне ў Глыбоцкай калоніі, лідара беларускай апазіцыі ўтрымлівалі ў максімальна жорсткіх умовах: трымалі ў адзіночнай камеры ў небяспечных для здароўя ўмовах без сувязі з наваколькным светам Пазней стала вядома, што ў зняволенні Мікалай Статкевіч некалькі разоў перахварэў на COVID-19.
Арцём Галавін