Летась 23 снежня Віцебскім абласным судом Аляксандр Рандарэнка быў прызнаны вінаватым у наўмысных дзеяннях, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і варажнечы (па ч.1 арт.130 КК, ) а таксама ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму (па ч.1 арт.130-1 КК). Па сукупнасці злачынстваў шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў ён асуджаны да пазбаўлення волі на 4 гады ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
«Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады», -- пішуць у адпаведнай заяве віцебскія праваабаронцы. Яны звяртаюць увагу і на тое, што суды па такіх справах найчасцей праводзяцца з закрытым рэжыме, як было з Аляксандрам Рандарэнкам.
Паводле афіцыйнайі нфармацыі абласной пракуратуры, былы віцебскі лекар прызнаваў, што падчас распівання спіртовых напояў, у стрыме з незнаёмым выказаў лозунг грамадска-палітычнага характару, пры гэтым прадэманстраваў вымпел з выявай сцяга Украіны жоўта-сіняга колеру. Таксама Рандарэнку «інкрымінавана 19 эпізодаў наўмысных дзеянняў, накіраваных на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай і сацыяльнай варожасці і варожасці па прыкмеце іншай расавай, нацыянальнай і сацыяльнай прыналежнасці, а таксама наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму». Паводле матэрыялаў справы, абвінавачаны на працягу амаль двух гадоў размяшчаў у вольным доступе пісьмовыя тэксты ўказанага зместу з выкарыстаннем уліковага запісу ў мэсэнджэры Telegram. У прыватнасці, даваў у іх станоўчую адзнаку рашэнняў і дзеянняў Адольфа Гітлера».
6 снежня мінулага году блізкі да сілавікоў Тэлеграм-канал «Северная столица» апублікаваў аператыўныя фотаздымкі, па якіх відаць, што падчас затрымання сёлета ў красавіку Аляксандра Рандарэнку моцна збілі. Затрыманага на Тэлеграм-канале назвалі «врачом-нацистом».
Алег Бондараў