Друкаваць гэтую старонку
Субота, 09 Люты 2019

Яраслаў Раманчук распачаў у Віцебску адукацыйную праграму

Ацаніць гэты матэрыял
(21 галасоў)
Яраслаў Раманчук Яраслаў Раманчук

Першая сустрэча ў межах навучальнага курсу «Сыстэмная, інфармацыйна-аналітычная падтрымка прадпрымальніцтва на нацыянальным і рэгіянальным узроўні» прайшла 2 лютага. Арганізатарам выступіла грамадзкае аб'яднаньне «Асацыяцыя наймальнікаў і прадпрымальнікаў» Віцебскай вобласьці.

Гэты адукацыйны курс, што складаецца зь некалькіх трэнінгаў, разьлічаны на людзей, якія змогуць далей асьвятляць і прадстаўляць інтарэсы прадпрымальніцтва мясцоваму грамадзтву і ўладам, – на журналістаў мясцовых выданьняў, блогераў, актывістаў. Ад удзельнікаў не патрабуецца глыбокіх тэарэтычных ведаў у галіне эканомікі, досыць мець лягічнае мысьленьне і жаданьне разьвівацца ў гэтым напрамку.

Тэма першай сустрэчы была пазначаная як «Асновы эканомікі і эканамічнай палітыкі». Трэнэры курсу – Леанід Заіка, кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія», і Яраслаў Раманчук, кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса, сябра Савету па разьвіцьці прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь, падзяліліся сваімі думкамі пра тое, як павінна разьвівацца эканоміка ў нашай дзяржаве, і якія неабходна ўносіць у яе зьмены.

Частка дыскусіі прысьвячалася сельскай гаспадарцы, якая знаходзіцца ў вялікім крызысе. Дзяржава на разьвіцьцё і падтрымку сельскай гаспадаркі выдаткоўвае па 2-4 мільярдаў даляраў на год, а на выхадзе мае прыбытак, які вымяраецца некалькімі сотнямі мільёнаў даляраў. Дык які сэнс укладваць вялікія дзяржаўныя сродкі ў па сутнасьці стратную галіну? Пры гэтым прадукты харчаваньня ў Беларусі прадаюцца на ўнутраным рынку даражэй, ніж пастаўляюцца ў суседнюю Расею. Гэта робіцца дзеля таго, каб мець магчымасьць дэмпінгаваць цэны на расейскім рынку, а на сваім даводзіцца завышаць кошты, каб мінімізаваць фінансавыя страты. Такая сытуацыя стала магчымая таму, што ў нас, у Беларусі, адсутнічае свабодны рынак і па шмат якіх таварных пазыцыях адсутнічае нармальная канкурэнцыя: замежных гульцоў проста не дапускаюць да пірага.

Абмяркоўваліся падчас дыскусіі і іншыя цікавыя і важныя як для эканомікі, гэтак і для грамадзтва ў цэлым тэмы. Так, на думку Яраслава, беларуская дзяржава ўзяла на сябе зашмат функцыяў, якія ёй неўласьцівыя і аказваюцца неэфэктыўнымі. Паводле яго словаў, дзяржава выконвае каля 7500 функцыяў, хоць па-добраму павінна займацца толькі некалькімі элементарнымі рэчамі – абаронай грамадзян ад унутраных і зьнешніх ворагаў, судамі і вырашэньнем спрэчак паміж грамадзянамі. Акрамя гэтага, Беларусь мае неабгрунтавана шмат розных кантралюючых органаў. Лічба, якая была агучаная, уражвае: у Беларусі існуе 1 703 кантрольныя органы. І як можа нармальна разьвівацца бізнэс і грамадзянская супольнасьць пры такім прэсе?

Закраналіся і праблемы бізнэс-супольнасьці. Кажа Яраслаў Раманчук:

 – Бізнэс-супольнасьць, на жаль, ня ўмее сябе ні раскручваць, ні піярыць, ні пазыцыянаваць. Яна шмат у чым разьяднаная, таму што каля 8-мі працэнтаў людзей толькі належаць да нейкіх саюзаў і арганізацыяў. З гэтых 8-мі працэнтаў актыўнымі могуць быць толькі 0,5 адсотку. Напрыклад, у Віцебску прадпрымальнікаў – тысяч дзесяць. А чальцоў віцебскай асацыяцыі – 120-130.

Павысіць актыўнасьць мясцовых прадпрымальнікаў, а таксама салідарызаваць іх дзеля вырашэньня агульных праблемаў і стала адной з мэтаў арганізаваць гэты курс. Ды апрача таго – яшчэ і зьмяніць падыходы да асьвятленьня падзеяў. Бо цяпер на рэгіянальным узроўні назіраецца хібны падыход што да выбару той ці іншай праблемы, якая асьвятляецца. У мясцовай прэсе і на рэгіянальных сайтах вялікая ўвага надаецца сусьветным і рэспубліканскім падзеям, а пад навіны гарадзкія, раённыя адводзіцца зусім маленькая ніша. А павінна ж быць усё з дакладнасьцю да наадварот.

У Віцебскім інфармацыйным полі, як гэта ёсьць у разьвітых дэмакратычных краінах, павінна прысутнічаць у першую чаргу мясцовая павестка: людзі мусяць ведаць, што ў іх адбываецца пад бокам, а не чаму ў Афрыцы засуха. Сёньня ж большасьць месьцічаў наўрад ці ў курсе таго, што адбываецца за мурамі аблвыканкаму і гарвыканкаму: якія там прымаюцца рашэньні і да чаго яны могуць прывесьці, хто стаіць за тым ці іншым бізнэс-праектам, што рэалізуецца ў горадзе; ня ведаюць прозьвішчаў мясцовых чыноўнікаў і дэпутатаў.

Трэнэры папрасілі ўдзельнікаў курсу назваць некалькі прозьвішчаў вядомых у горадзе людзей, акрамя кіраўніка аблвыканкаму. І ніхто ня змог падаць такі прыклад. І сапраўды, а якія ў горадзе ёсьць бізнэсоўцы, навукоўцы, эканамісты, эколягі, юрысты, архітэктары, прозьвішчы якіх у месьцічаў на слыху? Асабліва пра іх нічога не чуваць. А яны ж, мабыць, ёсьць?

Вось чаму і патрэбен цыкль адукацыйных сэмінараў, які мае на мэце выправіць інфармацыйны перакос, што склаўся. Мясцовыя блогеры, журналісты, грамадзкія актывісты павінны больш увагі ўвагі мясцовай праблематыцы і эканоміцы. Праблемы мясцовага малога і сярэдняга бізнэсу, умовы працы вытворцаў тавараў і паслуг, стасункі між бізнэс-супольнасьцю і вэртыкальлю ўлады – гэта тыя тэмы, якія павінны быць на слыху.

Уладзімер Бяляўскі