Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 12 Снежань 2013

Прывакзальны парк у Полацку не пацерпіць з-за будоўлі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На сустрэчы актывістаў з кіраўніцтвам Полацку намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч цьвёрда паабяцаў, што дрэвы прывакзальнага сквэру будуць захаваныя пры любых абставінах. Будаўніцтва, якое вядзецца ля вакзалу, дрэвы не закране. Прыём полацкіх грамадзкіх актывістаў, якія абараняюць зялёныя насаджэньні, прадстаўнікамі гарадзкіх уладаў адбыўся 11 сьнежня.

Актывісты Сьвятлана Цітова і Ірына Башкатова абмеркавалі з чыноўнікамі ня толькі праблему захаваньня прывакзальнага парку, але таксама задалі тыя пытаньні, якія хвалююць палачан. Яны пацікавіліся наконт полацкіх даўгабудаў (радзільні ў Кстах і фабрыкі мастацкіх вырабаў), захаваньня старых будынкаў Верхняга замку, зьнішчэньня дрэў у паркавых зонах, добраўпарадкаваньня двароў. Усе гэтыя пытаньні абмяркоўваюцца жыхарамі гораду ў дварах і на прыпынках, але адказу на іх няма ў гарадзкіх газэтах, таму ходзяць толькі чуткі.

Адказы на некаторыя пытаньні даў намесьнік старшыні райвыканкаму па архітэктуры і будаўніцтву Міхалевіч Аляксандар Мікалаевіч:

  • Вядзецца праца па перадачы даўгабуду Фабрыкі мастацкіх вырабаў іншаму інвэстару. Для працягу будаўніцтва радзільні ў Кстах няма сродкаў. Радзільня для палачанак будзе толькі ў Наваполацку.
  • Раённыя ўлады лічаць памылкай ранейшага кіраўніцтва гораду хуткі вывад шпіталя са старых карпусоў Верхняга замку. Неабходна было ўсё рабіць паступова па меры назапашваньня фінансавых сродкаў і захаваць полацкую радзільню.
  • Цяпер сродкаў на рамонт Верхняга замку няма, адсутнічаюць інвэстары. Разглядаецца магчымасьць перадачы старых будынкаў Верхняга замку полацкаму ўнівэрсытэту.
  • Стары дом афіцэраў будзе выкарыстоўвацца як культурна-дзелавы цэнтар з найвялікшай у Полацку канцэртнай заляй, з офісамі кампаніяў і аб’ектамі грамадзкага харчаваньня.
  • Пешаходны мост празь Дзьвіну будавацца ня будзе. Са студзеня 2014 году пачнуць функцыянаваць новыя могілкі, сродкі на якія выдаткаваў інвэстар гандлёвага цэнтру каля вакзалу.

Наконт пытаньня захаваньня прывакзальнага парку спадар Міхалевіч сказаў: «Ніхто не наважыцца парушыць словы губэрнатара, які паабяцаў, што ніводнае дрэва з парку ня будзе кранутае. Мы што самагубцы?!».

Гэтая сустрэча адбылася дзякуючы таму, што актывісты, якія вядуць барацьбу за захаваньне прывакзальнага парку, запісаліся на прыём да старшыні райвыканкаму Мікалая Шаўчука. У адсутнасьць старшыні райвыканкаму прыём вёў старшыня райсавету Іосіф Грыбовіч. На сустрэчы з актывістамі таксама прысутнічалі намесьнік старшыні райвыканкаму Аляксандар Міхалевіч, кіраўнік спраў Сяргей Труханаў і яшчэ тры работнікі райвыканкаму – юрыст, архітэктар, начальнік аддзелу працы са зваротамі.

Як адзначылі грамадзкія актывісты, полацкія ўлады арганізавалі сустрэчу значна горш, чымся была арганізаваная падобная сустрэча ў аблвыканкаме. Ніхто ім не паведаміў загадзя, што старшыня Мікалай Шаўчук будзе адсутнічаць, прыём праходзіў у маленькім, непрыстасаваным памяшканьні, не было рэдактара мясцовай газэты, да якога былі прэтэнзіі.

Па ўсіх пытаньнях актывістамі быў складзены пісьмовы зварот, які зарэгістравалі ў райвыканкаме. Палачане чакаюць пісьмовага адказу і асьвятленьня ўзьнятых пытаньняў у гарадзкой газэце.

Аляксандар Марозаў, dyjalog.info