Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 02 Лістапад 2026

Не здолелі прадаць гістарычны будынак – цяпер пачынаюць “ахоўваць”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Каля будынка былой паштовай станцыі ў вёсцы Паграбёнка Сенненскага раёна паставілі інфармацыйны стэнд пра яго гісторыю. І гэта - пасля шматлікіх безвыніковых спробаў прадаць былую паштовую станцыю, якая мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці 2-й катэгорыі.

Узбоч гэтай пабудовы плошчай 115 кв.м., узведзенага ў сярэдзіне XIX ст., даўней пралягаў паштовы тракт Кіеў-Санкт-Пецярбург. Тут мянялі коней, адпачывалі падарожнікі і абменьвалася пошта.

Пра рэстаўрацыю гэтага аб’екта з відавочнымі архітэктурнымі асаблівасцямі ўжо даўно не вядзецца. Мяцовыя ўлады на працягу апошніх гадоў рабілі толькі адно: спрабавалі яго прадаць. Апошні раз яго выстаўлялі на аўкцыён у студзені гэтага года па кошце 128 рублёў. Ахвотных набыць ізноў не знайшлося.

Парэшткі паравога млына ў вёсцы Машчоны таго ж Сенненскага раёна прадаваць нават не спрабавалі. Зрэшты, закансерваваць іх таксама спробаў не было. Парэшткі сцен з чырвонай цэглы на падмурках з бутавага каменю сведчаць пра тое, што некалі тут быў узор прамысловай архітэктуры...

Цяпер, калі ён прыйшоў у поўны заняпад, і да таго ж паціху набліжаецца і будынак паштовай станцыі ў Паграбёнцы, мясцовыя ўлады вырашылі нагадаць пра гістарычную каштоўнасць аб’ектаў: паставілі каля іх інфармацыйныя стэнды. Вядома, гэта нашмат танней за рэстаўрацыю ці кансервацыю.

Ігар Міхно

Галерэя выяваў