Падчас той кампаніі ў 2020-м Алену Радзькову некалькі разоў судзілі за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні ( па тагачасным артыкуле 23.34 КаАП). У 2021 годзе яе зноў затрымалі, і апытвалі ўжо ў межах крымінальнай справы: міліцыю цікавіла, хто размаляваў будынкі пратэстнымі графіці і здымаў пратэстныя відэа, якія разыходзіліся па інтэрнэце.
Пад пагрозай крымінальнага пераследу Алена была вымушана з’ехаць за мяжу. У Беларусі засталіся нясплочаныя штрафы, апошні з якіх складаў 200 базавых велічынь. Гэтыя грошы і вырашылі кампенсаваць за кошт продажу машыны. Для гэтага праз суд была выдзелена яе палова аўтамаёмасці.
“Яна даўно не на хаду, стаяла каля дома майго былога мужа. У 2022 годзе яе забралі на штрафстаянку ў Віцебск. Цяпер за яе знаходжанне там таксама “капаюць” грошы. Але не ўяўляю, як можна прадаць гэты “корч”, хіба што на металалом”, - распавяла Алена.
Ужо падчас знаходжання за мяжой сілавікі прыходзілі з ператрусам у кватэру маці, дзе Алена прапісана. Ператрус быў праведзены ў адсутнасць гаспадароў, ніякіх папер пра яго не пакінулі. Да бацькі актывісткі, які жыве асобна, міліцыянты прыязжалі браць узор ДНК, адшукаўшы мужчыну ў практычна бязлюднай вёсцы на Глыбоччыне.
Алену Радзькову абвясцілі ў вышук, абвестка пра гэта вісіць каля будынка наваполацкага ГАУС. У траўні 2025 года ў пераліку “экстрэмісцкіх фармаванняў” з’явілася «Беларуская Грэнадзёрская Харугва». У спісе з каля трох дзясяткаў асобаў, нібыта датычных да дзейнасці “фармавання”, ёсць і Алена Радзькова.
Эдуард Зайкоўскі