Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 16 Красавік 2026

У Браславе адмянілі найстарэйшы ў Беларусі фестываль традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Гісторыя фестываля пачалася ў 1967 годзе,  з 2009 года ён займеў  статус “міжнароднага”. У фестывальныя дні  Браслаў станавіўся  трансгранічнай культурніцкай пляцоўкай, куды з’язджаюцца танцоры, музыкі, выканаўцы песень з розных рэгіёнаў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Эстоніі. З 2012 года ў межах фестываля праводзіўся адкрыты агляд-конкурс вакальна-харавых калектываў “Браслаўская харавая асамблея” і  свята сярэднявечнай культуры “Меч Брачыслава”.

Рашэнне пра скасаванне фестывалю прыняў Браслаўскі райвыканкам. У ім асаобна падкрэсліваецца, што яно ўзгоднена з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам,  Віцебскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці і  Навукова-даследчай установай культуры «Браслаўскае раённае аб’яднанне музеяў». Гэта тая самая ўстанова, адкуль у пачатку 2024 года звольнілі адразу 7 чалавек - пасля таго, іх пакаралі ў адміністратыўным парадку за  падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі»

Раённыя ўлады і афіцыйныя СМІ неаднаразова падкрэслівалі, што свята традыцыйнай культуры «Браслаўскія зарніцы» даўно стала  брэндам раёна, што яго  ведаюць далёка за межамі Браслаўшчыны, і прыняць удзел у ім — гонар для творчых калектываў.  Але цяпер замежныя госці з “недружалюбных” краін сталі непажаданымі...

Але на сайце Браслаўскага райвыканкама ўсё яшчэ ёсць абвестка пра тое, што сёлета фестываль "Браслаўскія зарніцы" пройдзе з 22 па 24 траўня. Размешчана там у рашэнне мясцовых уладаў ад 1 снежня мінулага года пра арганізацыю  свята і склад аргкамітэту, у якім згаданы старшыня Віцебскага аблсавета дэпутатаў Дзмітрый Дзямідаў, прадстаўнікі Міністэрства культуры і ўжо былы старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, пасаду якога літаральна днямі перадалі ягонай былой намесніцы Алене Бабінскай. 

Сёлета ўлады Віцебшчыны паспрыялі знікненню  яшчэ некалькіх культурніцкіх падзеяў: у лютым  Віцебскі аблвыканкам адмяніў уласныя рашэнні пра заснаванне прэмій імя Уладзіміра Караткевіча і Петруся Броўкі. 

Антон Сакалоў