Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 10 Сакавік 2026

Для закрыцця дэфіцыту кадраў у Віцебскай вобласці ўлады перайшлі да “ручнога кіравання”. У 9 раёнах вобласці працуе ўжо каля 200 замежнікаў.

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пры гэтым улады зазначаюць, што ў Віцебскай вобласці амаль удвая знізіўся ўзровень беспрацоўя за мінулую пяцігодку.

Пра  гэта праўладнаму рэсурсу БЕЛТА паведаміла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама Святлана Зіноўева. Паводле спецыялісткі, за пяцігодку пры садзейнічанні органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне працаўладкавана 86 тысяч грамадзян, у тым ліку ўсяго толькі 7 тысяч беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гарантыі занятасці. Праграмай перасялення на Віцебшчыне скарысталіся 133 сем'і, пераважна яны пераехалі ў сельскую мясцовасць.

Як адзначыла Святлана Зіноўева, колькасць зваротаў грамадзян у камісіі па працы вырасла ў 1,5 раза, што, па меркаванні чыноўніцы, пацвярджае павышэнне дысцыпліны насельніцтва ў пытаннях занятасці. Але ўсім беларусам вядома, як ствараюцца гэтыя камісіі і якія сілавыя органы запрашаюць туды грамадзян, а таксама што на іх адбываецца на самой справе. Калі і ходзяць  туды добраахвотна, то гэта лічаныя адзінкі.

Паводле Зіноўевай, дзякуючы рабоце гэтых камісій у эканоміку ўцягнута больш як 20 тысяч чалавек з ліку раней не занятых. Але пры гэтым колькасць грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы Віцебшчыны, складае амаль 60 тысяч чалавек.

Чыноўніца адзначыла, што на тэрыторыі Віцебскай вобласці напружаная сітуацыя на рынку працы ў 9 раёнах, што, на яе думку, патрабуе пераходу да рэжыму "ручнога кіравання" кадравымі рэсурсамі ў гэтых мясцовасцях.

Зіноўева паведаміла, што ў  9 раёнах, к тым ліку, у Дубровенскім, ужо прыцягнута да працы каля 200 замежных спецыялістаў і ўвесь інструментар занятасці - ад перасялення сем'яў да субсідый і навучання.

Віталь  Шаркоўскі

Фота: gorodokrik.vitebsk-region.gov.by