Газета “Голас Сенненшчыны” нарэшце распавяла пра праект, які прадугледжвае добраўпарадкаванне крыніцы каля вёскі Заветнае. Справа ў тым, што ў краязнаўчых даследваннях пра яе практычна нічога няма. Але мясцовыя жыхары ведаюць пра яе існаванне. І недагледжанай яе ў прынцыпе не назавеш: у нізінку да вады вядзе дыхтоўная драўляная лесвіца, вада выцякае з адмысловай трубы. Але мясцовы ўраджэнец Вячаслаў Станавенка, які з’яўляецца аўтарам праекта, лічыць, што жалезная лесвіца будзе пасаваць болей. Таксама ён прапануе зрабіць лавачкі і навес над крыніцай. Сродкі на гэта – 18 тысяч рублёў – будуць выдаткаваны з дзяржаўнага бюджэту.
Таксама аўтар праекта лічыць , што крыніца павінна мець назву. І прапануе назваць яе ў памяць пра святых Пятра і Паўла. Чаму менавіта так? Невядома. Найхутчэй таму, што ініцыятару так хочацца.
Вячаслаў Станавенка – лекар, выкладчык Віцебскага медычнага ўніверсітэта. Добраўпарадкаванне крыніцы – не адзіная ягоная ініцыятыва, падтрыманая мясцовымі ўладамі. Летась ён быў узнагароджаны граматай “за большой личный вклад в гражданско-патриотическое воспитание населения и активное участие в общественной жизни Сенненского района”. Такім чынам, гэта не проста “чалавек з нізоў”, прапанова якога раптам атрымала дзяржаўную падтрымку.
Чакаем тлумачэнняў пра іншыя праекты , бо пакуль “за кадрам” застаецца, якая менавіта ініцыятыва распрацоўвала пэўныя ідэі , хто гэтыя людзі і якую частку грамадскасці прадстаўляюць.
Марыя Лісава