На сваёй старонцы ў Facebook Дзмітрый Карняенка прадэманстраваў адказ з РАУС Чыгуначнага раёна Віцебска. Там паведамляецца, што да адміністрацыйнай адказнасці можа быць прыцягнуты Сяргей Лашкоў - вядомы ў Віцебску прыхільнік “русского міра”. Неўзабаве віцебская прарасейская актывістка Эльвіра Мірсалімава паведаміла, што Лашкова двойчы судзілі па ч.2 арт.19.11 КаАП, і як вынік - ён атрымаў 10 сутак арышту.
Доказы ў дачыненні да астатніх асобаў, якіх згадаў актывіст, перададзены ў райаддзелы міліцыі па месцы іх жыхарства для наступных праверак. Застаецца толькі пачакаць і спраўдзіць, наколькі “недатыкальныя” асобы насамрэч такімі ёсць.
Раней паводле заяваў Дзмітрыя Карняенкі за “распаўсюд экстрэмізму” былі асуджаныя і сама Эльвіра Мірсалімава, і яе аднадумца, былы дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Мікалай Петрушэнка. Абодва абураліся, што іх судзець за тое ж, што і “змагароў”, тады як яны не з’яўляюцца прыхільнікамі “апазіцыі”, а таму чакаюць больш лаяльнага стаўлення.
Віктар Набокаў