Друкаваць гэтую старонку
Серада, 31 Студзень 2018

Віцебскі абласны суд не задаволіў скаргі незалежных журналістаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

31 студзеня Віцебскім абласным судом разглядаліся адразу дзьве скаргі незалежных журналістаў – Тацяны Смоткінай і Зьмітра Лупача. У выніку разгляду рашэньні раённых судоў, якія падверглі журналістаў штрафам, пакінутыя бязь зьменаў.

Журналісты былі асуджаныя Докшыцкім і Пастаўскім раённымі судамі паводле артыкулу 22.9 КаАП, частка 2 за нібыта працу без акрэдытацыі на тэлеканал Белсат. Прычым Зьміцер быў пакараны абодвума згаданымі судамі: 27 сьнежня 2017 году Докшыцкі суд прысудзіў яму 40 базавых велічынь штрафу, а 9 студзеня 2018 году Пастаўскі – 25. Тацяне пашанцавала больш – ёй Докшыцкі суд прызначыў пакараньне ў 25 базавых.

Падставай для разгляду першай справы ў Докшыцкім райсудзе стаў сюжэт пра адсутнасьць прыпынку нядаўна пушчанага экспрэс-цягніка Менск – Полацак на станцыі Параф'янава, паказаны на Белсаце. У сюжэце распавядалася пра збор мясцовымі жыхарамі подпісаў за захаваньне прыпынку. Хоць у кадры ні Зьміцер, ні Тацяна не прысутнічаюць, але, тым ня менш, суд палічыў іх вінаватымі ў працы без акрэдытацыі на тэлеканал.

Нагоду для судовага разбору па другой справе даў матэрыял пра праблемы ў сельскай гаспадарцы ў раёне і дэфіцыт угнаеньняў.

Смалякова Ірына Васільеўна і Іванова Сьвятлана Пятроўна, судзьдзі абласнога суду, якія вялі працэсы паасобку, падышлі да разгляду справаў чыста фармальна. Яны нічога ня сталі зачытваць з матэрыялаў адміністрацыйных справаў, а толькі агучылі загадзя падрыхтаваныя рашэньні.

Саміх журналістаў, супраць якіх былі вынесеныя рашэньні, на судзе не было. Менавіта ў гэты дзень у Докшыцкім раённым судзе разглядалася чарговая падобная справа супраць Зьмітра Лупача.  Затое ў Віцебску на суд прыйшлі іх мясцовыя калегі-журналісты зь Беларускай асацыяцыі журналістаў.

На думку журналістаў, такія справы ёсьць нічым іншым, як спробай прыдушыць свабоду слова ў Беларусі (нагадаем, што толькі за 2017 год па абвінавачаньнях у працы без акрэдытацыі Зьмітра Лупача суд штрафаваў 4 разы, а Тацяну Смоткіну двойчы). І блякіроўка Хартыі-97 добра кладзецца ў гэты трэнд. У такой сытуацыі салідарнасьць зьяўляецца як ніколі неабходнай.

У прыватнасьці, Павал Левінаў, віцебскі праваабаронца і журналіст, заявіў судзьдзі, што і ён зьяўляецца пацярпелым па гэтай справе. І затым растлумачыў прысутным, што адміністрацыйныя справы супраць незалежных журналістаў абмяжоўваюць яго права на атрыманьне свабоднай інфармацыі, а значыць, ён ёсьць пацярпелым. Як, зрэшты, і ўсе грамадзяне Беларусі.

Акрамя таго, найбольш неабыякавыя журналісты арганізавалі ў падтрымку невялікі пэрформанс, прынёсшы ў суд вялікую раздрукаваную фатаграфію Лупача з надпісам пра яго штрафы.

Вядома, салідарнасьць і актыўнасьць людзей можа дапамагчы дагрукацца да сумленьня судзьдзяў і чыноўнікаў. Але ня гэтым разам. Абласны суд не скасаваў рашэньняў Докшыцкага і Пастаўскага раённых судоў і пакінуў скаргі журналістаў нездаволенымі. Ці значыць гэта, што віцебскія судзьдзі падтрымалі сваіх раённых калегаў у справе задушэньня свабоды слова? Або ўсё-ткі суды ў нас незалежныя, а рашэньні іх справядлівыя? Пытаньні, як той казаў, рытарычныя.

Уладзімер Бяляўскі