Суд у Маладэчна 22 чэрвеня. Фота: rh.by 24 лістапада суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна вынес асудзіў 34-гадовага Андрэя Юркова да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму за абразу Лукашэнкі паводле арт.368 Крымінальнага кодэкса. Ён знаходзіўся пад вартай з 8 лістапада 2021 года.

Андрэй Юркоў – грамадзянін Беларусі, але нарадзіўся ў расейскім Магнітагорску. Мае траіх дзяцей.

Справу разгледзеў суддзя Дзяніс Барэйка. Бок абвінавачання падтрымала памочніца пракурора Маладзечанскага раёна Юлія Жук. Паводле версіі абвінавачання, 8 красавіка 2021 года Юркоў у нецвярозым стане ненарматыўна выказаўся ў бок Лукашэнкі ў Маладзечанскім РАУС.

Юркоў цалкам прызнаў віну. Ён патлумачыў, што на працягу дня піў віно, быў моцна п'яны, вырашыў перайсці праз плыню машын у непаложаным месцы на вул. Вялікі Гасцінец, дзе яго спынілі ДАІ. Потым у аддзеле міліцыі “выказваўся нецэнзурна ў адрас таго, хто вышэй за Бога”. Ён не памятае канкрэтна, што сказаў, як і прычыну, чаму гэта зрабіў. У мітынгах і чатах ніколі не ўдзельнічаў, таму прасіў, каб яго памілавалі.

Сведка – міліцыянер Варанкоў, які затрымліваў Юркова, распавёў, што абвінавачаны сам бег да іх, калі перабягаў дарогу, і прасіў яго затрымаць. Калі яго прывезлі ў аддзел, ён выказваўся і ў адрас Лукашанкі, і ў адрас супрацоўнікаў. Яго спрабавалі супакоіць, але ўсё было безвынікова. Варанкоў на паперцы напісаў выразы, якія абвінавачаны казаў у аддзеле. Другі сведка – міліцыянт Тамашкевіч – адсутнічаў пры абразах Лукашэнкі, але сказаў, што калі калега яму ўсё даклаў, яны разам глядзелі камеры назірання. Яшчэ адна сведка – пенсіянерка Талай – распавяла, што бачыла, як Юркоў бег за патрульнай машынай па вул. Міру і прасіў затрымаць яго. Яна таксама напісала на паперцы, як выказваўся абвінавачаны. Аднак яна заўважыла, што хаця ён і лаяўся, гэта не было адрасавана ў адрас каго-небудзь, хаця падчас папярэдняга следства паказвала, што лаянка была менавіта ў бок Лукашэнкі.

Пракурорка запрасіла 1,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму: менавіта такое пакаранне вынес суддзя.

Крыніца: Шматдзетнага бацьку асудзілі да 1,5 гадоў калоніі строгага рэжыму за абразу Лукашэнкі