Затрыманні ў Мінску 8 верасня 2020 года. Фота: DW Суд Фрунзенскага раёна Мінска 26 кастрычніка працягвае разгляд крымінальнай справы Дзяніса Бацяна, па абвінавачванні яго ў арганізацыі або актыўным ўдзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч.1 арт. 342 КК РБ).

Справу разглядае суддзя Юлія Крэпская, дзяржабвінаваўца – Халап.

Дзяніса Бацяна затрымалі 5 жніўня 2021 года і змясцілі на трое сутак у ІЧУ. Пазней ён быў адпушчаны пад асабістае паручальніцтва.

Па матэрыялах следства, агучаных ў судзе 25 кастрычніка, Дзяніс Бацян 8 верасня 2020 года апублікаваў у інтэрнэце заклікі да дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, учынілі перашкоду ў працы грамадскага транспарту, з дапамогай публікацый у экстрэмісцкіх чатах паведамляў пра перамяшчэнне сілавікаў у Мінску.

Так, у тэлеграм-чаце “Мінск97%” з дапамогай мабільнага тэлефона пакінуў наступнае паведамленне публіцыстычнага зместу:

“Тэрмінова, кіроўцы на Машэрава! Блакуйце рух, не дайце сілавікам сабрацца, дапамажыце пратэстоўцам!”.

Сваю віну аператар адной з заправачных станцый Мінска Бацян прызнаў цалкам.

Дзяніс Бацян
Дзяніс Бацян

Пракурор хадайнічаў аб далучэнні да матэрыялаў справы копіі пастановы аб абмежаванні права на выезд за межы Беларусі, суд хадайніцтва адхіліў.

Судовае паседжанне працягнулася 26 кастрычніка.

Сёння пракурор хадайнічаў аб праглядзе відэазапісу допыту Бацяна ў СК, які ў мінулы раз не ўдалося праглядзець. Задаволена.

У судовых спрэчках пракурор заявіў, што віна Бацяна даказаная цалкам у поўным аб’ёме і просіць суд пакараць абвінавачанага абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.

Адвакат прасіла ўлічыць, што матэрыяльнага ўрону прадпрыемству “Мінсктранс” Дзяніс Бацян не наносіў, мае на ўтрыманні непаўнагадовае дзіця, якому аказвае дапамогу.

“Хачу дапамагаць маці, займацца выхаваннем сына і прашу не пазбаўляць мяне волі”, - заявіў у сваім апошнім слове Бацян.

Прысуд будзе абвешчаны 27 кастрычніка ў 15 гадзін.

Крыніца: “Тэрмінова, кіроўцы на Машэрава! Блакуйце рух, не дайце сілавікам сабрацца”. Суд над Дзянісам Бацянам