Святлана Бараноўская пасля прысуду У судзе Фрунзенскага раёна г. Мінска 7 кастрычніка агучылі прысуд Святлане Бараноўскай, якую вінавацілі ў абразе прадстаўнікоў улады – дзевяці супрацоўніц АМАП.

Справу разглядала суддзя Юлія Крэпская, бок дзяржанага абвінавачвання падтрымліваў Дзмітрый Хаваўка.

Паводле абвінавачвання, 1 сакавіка 2021 года Святлана Бараноўская, маючы намер на абразу прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў, з дапамогай мабільнага тэлефона пакінула каментар пад фотаздымкам дзевяці супрацоўніц АМАП, размешчаным у тэлеграм-канале “Каратели Беларуси”, наступнага зместу: “Вось мразі”. Дадзены каментар, па словах пракурора, утрымлівае негатыўную ацэнку пацярпелых, мае ненарматыўную форму маўленчага выказвання, якая разглядаецца як недапушчальная, некарэктная, непаважлівая, тым самым Бараноўская публічна абразіла супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, прычыніла шкоду іх гонару і годнасці, прынізіла аўтарытэт супрацоўніц у вачах навакольных, падарвала прэстыж кіраўніцкай дзейнасці дзяржавы.

Пацярпелымі па справе былі прызнаныя супрацоўніцы мінскага АМАП: камандзір 22 узвода атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП) Краўчанка А., камандзір групы 22 узвода АМАП Шкулёва А., міліцыянт 22 узвода АМАП Шахава Г., міліцыянт 7 узвода АМАП Якушава К., міліцыянта Івановай А., камандзір роты 22 узвода Міцко Г., фельчар 2 аператыўнай роты Лысак Я., камандзір аддзялення 22 узвода Мачкарова К., міліцыянт 22 узвода Дрозд Ю.

Святлана Бараноўская прызнала віну поўнасцю. У судзе распавяла, што была падпісаная на розныя апазіцыйныя тэлеграм-каналы, напрыклад, “Каратели Беларуси”, “Nexta”, “Типичная Беларусь” і г.д.

“Я адкрыла канал, пабачыла фатаздымак, дзе была проста “паласа” ў АМАПаўскай форме, магчыма была нейкая інфармацыя. Было вельмі шмат людзей у міліцыйскай форме, зразумела цяпер, што гэта былі жанчыны. Я дрэнна рэагую на супрацоўнікаў гэтай службы. На эмоцыях пакінула гэты кароткі каментар, закрыла канал і даволі хутка забыла”, - адзначыла абвінавачаная.

Жанчына параўнала сваё эмацыйнае дзеянне з такім, калі “ідзеш і выпадкова стукнешся пальцам аб кут, выгукнеш дрэннае слова і пойдзеш далей - і гэта не азначае кагосьці абразіць”. Сказала, што прызблізна такія эмоцыі адчувала, не мела намеру на абразу, пасля – прынесла прабачэнне, у тым ліку яе запісалі на відэа ў аддзяленні міліцыі і прадэманстравалі па дзяржаўным тэлебачанні.

У судзе дапыталі пацярпелых. Яўгенія Лысак сказала, што негатыўна ўспрыняла размешчаную публікацыю і каментар абвінавачанай пад ёй. Заявіла кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў.

Юлія Дрозд бачыла ў тэлеграм-канале “Каратели Беларуси” публікацыю пра сябе і калегаў, а таксама каментары пад ёй, пасля перажывала за сябе і сваю сям’ю. Заявіла кампенсацыю маральнай шкоды у памеры 500 рублёў.

Кацярына Мачкарова таксама бачыла публікацыі і перажывала сама, яе сям’я і калегі таксама перажывалі, была ў падаўленым стане, каментар прынізіў яе “гонар і годнасць і як супрацоўніцы, і як жанчыны, і як чалавека”. Прасіла кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў.

Ганна Шахава сказала, што каментар яе абразіў, прынізіў гонар і годнасць, прасіла кампенсаваць маральныя пакуты на суму ў 500 рублёў.

Алена Шкулёва бачыла, што ў тэлеграм-канале быў выкладзены фотаздымак у тым ліку з ёй, а карыстальнікі пакідалі абразлівыя каментары. Таксама запрасіла 500 рублёў за перажыванні сваі, сваёй сям’і і калегаў.

Аксана Краўчанка бачыла пад выкладзеным фотаздымкам шмат негатыўных каментароў, пасля таго, як прачытала, не магла зразумець – чаму так выказваюцца ў іх адрас? Прасіла кампенсаваць маральныя пакуты ў памеры 500 рублёў.

Анастасія Іванова заявіла кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў, сказала, што таксама чыясьці дачка, бацькі перажывалі за яе, сама была ў падаўленым стане.

Кацярына Якушава бачыла фотаздымак і нецэнзурныя каментары пад ім, сказала, што паважае сваю форму і не разумее, чаму чалавек негатыўна рэагуе на форму і не глядзіць на твары.

“Людзі ў гэтай форме ратуюць жыцці, падстаўляюць сваі целы пад кулі, абараняючы грамадзянаў Беларусі, гінуць. І зараз чуць гэта – вельмі абразліва, мне як жанчыне і як супрацоўніцы міліцыі”, - сказала Якушава і заявіла пазоў на 10 000 беларусіх рублёў.

Адзначыла, што не прымае прабачэнні Святланы Бараноўскай. Таксама падкрэсліла, што на нервовай глебе ў яе падвысіўся цукар у крыві, і цяпер яна прайшла абследванне і хварэе на цукровы дыябет, будзе з кожнага абразніка патрабаваць кампенсацыю за страчае здароўе.

Ганна Міцко таксама перажывала з-за каментару, была ў падаўленым стане, заявіла кампенсацыю ў 500 рублёў.

Падчас спрэчак бакоў пракурор Дзмітрый Хаваўка прасіў суд прызнаць Святлану Бараноўскую вінаватай і прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады. Таксама задаволіць заяўленыя грамадзянскія пазовы пацярпелых з улікам прынцыпаў разумнасці і справядлівасці.

У апошнім слове абвінавачаная прасіла строга не караць і паменшыць памер выплатаў па заяўленых кампенсацыях.

Суддзя Юлія Крэпская пастанавіла прызнаць Святлану Бараноўскую вінаватай у публічнай абразе праўстаўнікоў улады ў сувязі з выкананнем імі службовых абавязкаў і на падставе арт. 369 прызначыць ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанаву тэрмінам на тры гады, тэлефон жанчыны канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства. Грамадзянскія пазовы задаволіць, і спагнаць з абвінавачанай кампенсацыю маральнай шкоды на карысць супрацоўніц АМАП Лысак, Дрозд, Шахавай, Шкулёвай, Краўчанка, Міцко па 500 рублёў кожнай, а Мачкаровай, Якушавай, Івановай – па 1000 рублёў.

Крыніца: Тры гады “хатняй хіміі” і 6000 рублёў пацярпелым – прысуд для мінчанкі за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП