Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу ў Беларусі за сераду, 29 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Заблакаваны доступ да сайта «Камсамольскай праўды ў Беларусі».
Учора журналісты выдання ўзялі каментар у аднакласніцы забітага сукпрацоўнікамі КДБ Андрэя Зельцэра і апублікавалі яго. Гэта выклікала хвалю абурэння і абраз у праўладных тэлеграм-каналах.
Цяпер сайт не адкрываецца ні ў Беларусі, ні за мяжой. На яго месцы — стандартная заглушка Мінінфарма.
Заўтра Вярхоўны суд Беларусі будзе разглядаць справу супраць Беларускага Хельсінскага камітэту.
Прадстаўнічыя міжнародныя арганізацыі звярнуліся да беларускага Міністэрства юстыцыі з заклікам не ліквідаваць Беларускі Хельсінскі камітэт і адклікаць пазоў з Вярхоўнага суду.
Яны адзначылі, што БХК дзейнічае «ў інтарэсах абароны правоў усіх людзей Беларусі».
Падпісанты звароту самым высокім чынам ацанілі адданасць БХК у справе абароны правоў чалавека, прафесійную добрасумленнасць і прынцыповасць.
Зварот падпісалі прадстаўнікі Amnesty International, Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека(FIDH), Frontline Defenders, Human Rights House Foundation і Human Rights Watch, паведамляе Радыё Свабода.
Брэст
Палітвязень з Берасця Ягор Пракапчук змешчаны ў штрафны ізалятар. Па якой прычыне, адміністрацыя не паведамляе.
Святлана, маці Ягора, даведалася што хлопца змясцілі ў штрафны ізалятар у калоніі. Дакладную прычыну такога ўзмацнення жорсткасці умоў адміністрацыя ў тэлефонным званку ёй адмовілася назваць: "нешта не тое зрабіў па правілах распарадку". З якога чысла Ягор знаходзіцца ў ШІЗА маці таксама не сказалі.
Святлана ўжо рыхтуе пісьмовы запыт з патрабаваннем растлумачыць сітуацыю, паведаміла яна "Берасцейскай Вясне".
Інфармацыя будзе дапаўняцца.
Крыніца: Блакаванне сайта "Камсамолкі", пагроза ліквідацыі БХК: хроніка пераследу 29 верасня