Ілюстрацыяйная фатаграфія. Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збіраць факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 9-10 верасня. Грамадзян, па-ранейшаму, затрымліваюць, праводзяць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываюць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію ў тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Пераслед 10 верасня

Па заяве пракуратуры Маладзечанскага раёна інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала "Молодечно HOME" прызнана экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Пераслед 9 верасня

У Мінску каля 15 гадзін у офісе па рамонту кампутарнай тэхнікі на вуліцы Багадановіча затрымалі Сямёна Акула і Віталя Ліхача. Вядома, што ў офісе вынялі ўсю тэхніку.

Таксама вядома, што 9 верасня адбыўся ператрус у некалькіх пенсіянерак, якіх судзілі раней за акцыю ў электрычцы. Пасля ператрусу затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік. Як адзначыла дачка жанчыны, у пастанове на ператрус было напісана "шмат артыкулаў". Сёння над ёй мусіць адбыцца суд у Цэнтральным судзе. 1 сакавіка жанчыну асудзілі па ч. 1 арт. 24.23 КаАП на 30 базавых велічыняў. 

Праваабаронцам вядома пра ператрус у яшчэ адной пенсіянеркі, якую судзілі за акцыю ў электрычцы, — 61-гадовай Наталлі Агейчык. Яе раней асудзілі на 25 базавых. Пасля ператрусу пенсіянерку затрымалі, сёння над ёй таксама мусіць адбыцца суд.

Вядома пра ператрус у Алы Буенковай, але невядома, ці затрымалі яе.

Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Юрыя Нехая.

У Мінску затрымалі Вікторыю Левіну, яе аштрафавалі на 80 базавых па арт. 24.23 КаАП і вызвалілі пасля суда.

Раніцай 9 верасня ў Мінску на Прытыцкага адбыліся затрыманні ўдзельнікаў дваравога Маршу. Некаторых з іх жорстка затрымаў ГУБАЗіК. На затрыманых склалі пратаколы па арт. 24.23 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, таксама з некаторымі запісалі "пакаяльныя відэа". Спіс затрыманых на Маршы:

  1. Уладзіслаў Кубіцкі (15 сутак арышту)
  2. Дзмітрый Палякоў (13 сутак арышту)
  3. Аляксей Бусел (гукарэжысёр і музыка гурта Favourite Mirror)
  4. Таццяна Бусел
  5. Аляксандра Дончанка (90 базавых велічыняў)

Пасля ператрусу на кватэры маці з сынам пенсіянеркі Бусел Таццяну і Бусел Аляксея быў затрыманы муж і бацька — пенсіянер Бусел Сяргей. Акрамя таго, у ГУБАЗіК быў выкліканы Бусел Аляксей — брат Сяргея. 

Дапоўнена. Уначы вызвалілі пенсіянера Сяргея Бусел.

10 верасня ў Вярхоўным Судзе пройдзе папярэдняе судовае паседжанне па іску аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта.

7 верасня арганізацыя атрымала з Вярхоўнага Суда ліст з іскавай заявай Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі арганізацыі. Падставай для ліквідацыі, на думку Мінюста, паслужыла здзяйсненне БХК «грубага парушэння заканадаўства».

Паводле заявы, Міністэрствам юстыцыі ў выніку следчых дзеянняў па неназванай крымінальнай справе былі атрыманы дакументы ў дачыненні да двух чалавек, якім БХК нібыта аплаціў ганарары за «паслугі па доўгатэрміновае назіранне за выбарамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020 года». У пацверджанне гэтаму Мінюст прыклаў да іскавай заявы копіі шасці дакументаў: дамоваў, прыходна-касавых ордэраў і прыёма-перадаткавых актаў.

«Нам невядома, пра якую крымінальную справу і ў дачыненні да каго ідзе гаворка. Відавочна, што выкарыстоўваць матэрыялы крымінальнай справы, якія яшчэ не ацэньваліся судом у рамках судовага разбору па крымінальнай справе, неправамерна.

Кажучы юрыдычнай мовай, калі Вярхоўны Суд прызнае, што дадзеныя дакументы, прычым толькі ў копіях, адпавядаюць рэчаіснасці, то гэтае рашэнне будзе мець прэюдыцальнае значэнне для крымінальнай справы, у якой знаходзяцца гэтыя дакументы і па якім абвінавачваюцца канкрэтныя людзі.

Такім чынам, рашэнне Вярхоўнага Суда па справе аб ліквідацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта можа парушыць права на абарону людзей, якія праходзяць па крымінальнай справе», — каментуе БХК.

Расія экстрадуе на Радзіму яшчэ аднаго беларуса

Сёння ў судзе Белгарада адбыўся суд па рашэнні на экстрадыцыю з Расіі берасцейца Вадзіма Дубойскага. Ён праходзіць па артыкуле аб масавых беспарадках у Беларусі.

У жніўні 2020-га Вадзім быў затрыманы сілавікамі і збіты. Яго выпусцілі праз суткі без якіх-небудзь дакументаў, ён трапіў у бальніцу. А пасля таго, як ён зняў пабоі, на яго завялі крымінальную справу па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках). Восенню Вадзім пакінуў Беларусь. На Радзіме яму пагражае да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Суд пастанавіў выдаць Вадзіма Беларусі. Расійскія праваабаронцы будуць рыхтаваць кейс Дубойскага ў ЕСПЧ (Еўрапейскі суд па правах чалавека).

Блогеру Vadimati прысудзілі яшчэ 15 сутак. Як раз перад заканчэннем папярэдняга арышту 

ermashuk_90.jpeg
Вадим Ермашук

Гродзенскага блогера Vadimati (Вадзіма Ермашука) асудзілі яшчэ на 15 сутак. Да гэтага, 19 жніўня, у Шчучыне яму прысудзілі 25 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 24.23 КаАП (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Прычынай новага пратаколу на блогера стаў нібыта яго званок 13 жніўня ў службу 115 і нецэнзурныя выказванні пра ЖКГ і гарвыканкам.

Суд пачаўся 8 верасня. Пасяджэнне праходзіла па відэасувязі. Два дні запар у судзе аб'яўлялі перапынкі з-за дрэннага самаадчування Вадзіма — у яго быў высокі ціск, тэмпература, напярэдадні яму выклікалі хуткую.

Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.

Крыніца: Затрыманні па "народным артыкуле" ў Беларусі працягваюцца: хроніка пераследу 9 і 10 верасня Дапоўнена