Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 26-27 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць, праводзіць ператрусы, ціснуць на палітвязняў і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўлады.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Затрымалі лідара «Маладога фронту» Дзяніса Урбановіча, прэс-сакратара «Маладога фронту» Віталя Трыгубава і актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Сяргея Мацкойця. Як піша "Еўрарадыё", Урбановіча падазраюць у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мазыры ў жніўні 2020 года. Між тым, па словах знаёмага, Урбановіч у той час быў у Лагойску.
27 жніўня папоўніўся спіс яшчэ 13 «экстрэмісцкімі» тэлеграм-каналамі і чатамі. Сёння экстрэмісцкімі прызналі:
- «Крупкі Чат. Крупкі для жыцця»;
- «Смалявічы палітдвіж»;
- «Гэта Вілейка, дзетка»;
- «Вілейка для жыцця»;
- «Бараўляны інфа»;
- «Бараўляны ЧАТ»;
- «Заслаўе для жыцця»;
- «Зялёны бор«;
- «Калодзішчы ваенны гарадок чат»;
- «Кобрын для жыцця»;
- «Кобрын 97%»;
- «Гродна Азот Чат»;
- «СТРАЙКАМ АЗОТУ».
Брэсцкую актывістку Алену Гнаўк пачнуць судзіць за абразу прэзідэнта 2 верасня.Пра гэта паведамляе «Радыё Рацыя».
Нагадаем, супраць 64-гадовай брэсцкай актывісткі Алены Гнаўк, якую некалькі месяцаў таму асудзілі да 2 гадоў «хатняй хіміі» па «справе карагодаў», распачалі крымінальную справу за «абразу прэзідэнта». На разглядзе «карагоданай» справы, дзе жанчына выступала ў якасці абвінавачванай, яна сказала: «9 жніўня мінулага года ўладу захапіў не зусім здаровы, прабачце, псіхічна чалавек...».
Супраць 64-гадовай актывісткі з Брэста ўзбудзілі крымінальную справу за абразу прэзідэнта
Кірыл Паўлавец пачаў адбываць пакаранне на «хіміі» — ён зноў у спісепалітвязняў. 31-гадовага Кірыла Паўлаўца абвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама перашкодзе працы транспарту на «Маршы вызвалення палітвязняў». У судзе Савецкага раёна Мінска 5 красавіка палітвязню вынеслі прысуд: 3 гады «хіміі». Падчас дачы паказанняў Кірыл заяўляў пра збіццё ў РУУСе пасля затрымання.
З 26 жніўня Кірыл Паўлавец пачаў адбываць пакаранне ў папраўчай ўстанове адкрытага тыпу №17.
У вілейскага актывіста Паўла Хаванскага адбыўся ператрус.
«У мяне дома ў Вілейцы быў вобшук па крымінальнай справе за абразу Балабы», — напісаў Павел у фэйсбуку.
Ліквідацыя арганізацый грамадзянскай супольнасці
Улады ліквідуюць гомельскую краязнаўчую арганізацыю «Талака». Суд аб ліквідацыі адбудзецца 15-га верасня.
За гады існавання краязнаўчай арганізацыі з яе шэрагаў выйшлі дзясяткі вядомых беларусаў: лідар гурта «Стары Ольса» Зміцер Сасноўскі, бард і музыка Зміцер Вінаградаў, кандыдат мастацтвазнаўства Яўген Малікаў і іншыя. Арганізацыя займаецца адраджэннем старадаўніх беларускіх народных абрадаў, збіраннем фальклору і рэканструкцыяй аўтэнтычных святаў, паведамляе @shtodzien.
Таксама ліквідуюць арганізацыю, якая праводзіла фестывалі «Лістапад» і ТЕАРТ. Мінгарвыканкам вырашыў ліквідаваць «Цэнтр візуальных і выканаўчых мастацтваў «АРТ Карпарэйшн». Рашэнне было прынятае 25 жніўня. Арганізацыя штогод праводзіла фестываль тэатральнага мастацтва ТЕАРТ і кінафестываль «Лістапад», якія сталі форумамі еўрапейскага ўзроўню.
У Горадні суд ліквідаваў ТАА «Гродна Лайф медыя». Заснавальнікаў абавяжуць да 30 лістапада ліквідаваць арганізацыю, якой належыць і незалежны партал HrodnaLife, Telegram-канал якога прызнаны экстрэмісцкім.
Інфармацыя дапаўняецца і абнаўляецца.