Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", супраць 39-гадовай палітзняволенай Вольгі Класкоўскай распачалі новую крымінальную справу па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за каментар у сацыяльных сетках. У каментары, які быў размешчаны яшчэ да яе арышту 14 кастрычніка мінулага года, яна нібыта абразіла міліцыянта з Брэста. Маці Вольгі ўжо выклікалі на допыт па новай крымінальнай справе. У сваім лісце да маці жанчына мяркуе, што хутка яе могуць этапаваць у Брэст, дзе адбудзецца суд.

Нагадаем, 22 снежня Вольгу асудзілі да 2 гадоў калоніі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага Кодэкса за перакрыццё руху транспарту ў Серабранцы ў Мінску. Цяпер Класкоўская адбывае сваё пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі. Да гэтага часу на жанчыну аказваецца ціск: яе неаднаразова каралі карцарам, а з 3 жніўня на тры месяцы Вольгу змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ) праз “сістэматычнае парушэнне правілаў унутранага распарадку”. Ёй забароненыя ўсе сустрэчы і тэлефонныя званкі (выключэнне – камунікаванне з адвакатам). За паўгады ў калоніі ёй дазволілі атрымаць толькі адну перадачу. На спатканні са сваякамі Вольга таксама не атрымлівае дазволу.

Але негледзячы на гэта, Вольга трымаецца бадзёра:

«Я ўсе вытрымаю і абавязкова вярнуся да вас. Галоўнае нам усім — не падаць духам. Я сабе гэтага не дазваляю і думаю ўвесь час пра вас, пра будучыню, пра лепшае жыцце ў нашай Бацькаўшчыне. Ведаю, што ўсе абавязкова скончыцца добра».

Падтрымайце палітзняволеную лістамі салідарнасці і паштоўкамі: ПК №4, 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3

Крыніца: Супраць палітзняволенай Вольгі Класкоўскай у калоніі распачалі новую крымінальную справу