Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае факты палітычнага пераследу па ўсёй краіне за 3 жніўня. Людзей працягваюць затрымліваць па крымінальных справах, праводзіць вобшукі і ўжываць іншыя формы ціску за іх актыўную пазіцыю. Напярэдадні гадавіны паслявыбарчых падзей міліцыя пачала хадзіць да тых, хто прыцягваўся да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах, і праводзіць прафілактычныя гутаркі.  Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

  • праз тэлеграм-бот @viasna_bot;
  • на гарачую лінію у тэлеграм @ViasnaSOS, @SOSViasna

Як паведамілі праваабаронцам "Вясны", учора на лецішчы на святкаванні Дзень народзінаў затрымалі ўдзельнікаў беларускага музычнага фэнтэзі-фолка гурта IRDORATH. Верагодна, святкавалі Дзень народзінаў вакалісткі гурта Надзеі Калач (псеўданім – Ірдарат). Па папярэдняй інфармацыі, іх вінавацяць у непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі (арт. 24.3 КаАП) за тое, што не адчынілі вароты.

Паведамляецца пра затрыманне мінімум сямі чалавек. Сярод іх — Надзея КалачАнтон Шнып, Пётр Марчанка, Дзмітрый Шмыга, Уладзімір Калач, Юлія Юніцкая, Аляксандр Сінкевіч. Пасля затрымання іх даставілі ў Ждановіцкі аддзел міліцыі. Верагодна, сёння над імі адбудуцца суды ў Мінскім раённым судзе.

Кліп “Баю-бай” беларускага гурта “Дай дарогу!” хочуць прызнаць экстрэмісцкім матэрыялам, паведамляе Еўрарадыё. 

Адпаведную заяву ГУБАЗіК накіраваў у суд. Паводле "экспертнага заключэння" кліп зняты з мэтай "дыскрэдытацыі работнікаў сілавых структур".

"...сітуацыя затрымання парушальнікаў грамадскага парадку прадстаўлена аўтарамі песні як бязлітаснае забойства...", — паэтычна сцвярджаецца ў экспертным заключэнні.

Разгляд справы пачнецца 5 жніўня ў судзе Ленінскага раёну Брэста. Лідар “Дай Дарогу!” Юрый Стыльскі запрошаны туды ў якасці “зацікаўленай асобы”.

Журналістцы Інэсе Студзінскай абмежавалі выезд за межы Беларусі, піша БАЖ.

Нагадаем, 26 ліпеня былі затрыманыя журналісты "Радыё Свабода" Інэса Студзінская, Алег Груздзіловіч, Алесь Дашчынскі. У іх дома прайшлі вобшукі, рэдакцыйны офіс у Мінску быў узламаны і разгромлены.

Журналісты правялі ў ІЧУ на Акрэсціна 10 дзён. Студзінская галадала за кратамі 9 дзён. Нікому з затрыманых не выставілі  абвінавачанняў, яны застаюцца падазраванымі па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса.

У Кіеве 3 жніўня быў знойдзены павешаным у лесапаркавай зоне кіраўнік Беларускага дому ва Украіне Віталь Шышоў. Пра гэта паведамляе ўпраўленне Нацыянальнай паліцыі ў Кіеве.

shyshou_vital.jpg

У якасці адной з версій разглядаецца забойства, замаскіраванае пад суіцыд. Нагадаем, учора раніцай ён выйшаў на штодзённую прабежку і знік. Знаёмыя Віталя Шышова паведамілі, што раней за ім ужо сачылі невядомыя падчас прабежак. 

Інфармацыя дапаўняецца

Крыніца: Хроніка палітычнага пераследу: 3 жніўня