Высновы: Палітычныя зняволеныя і палітычна матываваны крымінальны пераслед

Крымінальны пераслед па палітычных матывах застаецца асноўнай формай рэпрэсій і набывае ўсё больш і больш масавы характар.

Па абноўленых дадзеных Генеральнай пракуратуры, пачынаючы са жніўня 2020 г. пракурорамі накіравана ў суды 667 крымінальных спраў у дачыненні да 944 асобаў “па фактах іх удзелу ў масавых беспарадках, здзяйснення дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак і звязаных з невыкананнем законных патрабаванняў прадстаўнікоў улады, гвалту і пагрозаў яго прымянення да праваахоўнікаў, іх публічнай абразы, апаганьвання надпісамі чужой маёмасці, хуліганства, здзеку з дзяржаўнай сімволікі”. 682 з іх ужо асуджаны.

ПЦ "Вясна" вядома пра не менш за 109 асуджаных у ходзе палітычна матываваных крымінальных судовых працэсаў, якія прайшлі ў краіне на працягу месяца.

Колькасць палітвязняў па стане на 1 чэрвеня склала 454 чалавекі, і гэтая лічба працягвае павялічвацца.

У траўні прайшоў шэраг рэзанансных групавых крымінальных працэсаў у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі.

Так, у выніку закрытага судовага працэсу пад старшынствам суддзі Ірыны Ланчавай у Магілёўскім абласным судзе да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 КК) былі асуджаныя сустаршыня партыі БХД Павел Севярынец , актывісты руху «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павал Юхневіч, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, блогер Дзмітрый Казлоў і актывістка Ірына Шчасная.

4 траўня суд Чыгуначнага р-на г. Гомеля асудзіў да пазбаўлення волі сяброў ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай па абвінавачваннях ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 КК) і захопе будынкаў і збудаванняў (арт. 292 КК). Юрый Уласаў (быў таксама асуджаны па ч. 1 арт. 369 КК) быў прысуджаны да шасці з паловай гадоў пазбаўлення волі, Таццяна Канеўская, Дзмітрый Івашка і Аляксандр Шабалін – да шасці гадоў пазбаўлення волі.

21 траўня суд Ленінскага р-на г. Брэста прысудзіў да пазбаўлення волі трынаццаць абвінавачаных па ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках). Двое з іх – непаўналетнія. Яны асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі і ўзятыя пад варту ў зале суда.

14 траўня ў судзе Савецкага р-на г. Мінска (справа разглядаецца ў памяшканні суда Кастрычніцкага р-на г. Мінска ў Доме правасуддзя) распачаўся судовы працэс па абвінавачванні адзінаццаці студэнтаў і выкладчыцы універсітэтаў па абвінавачванні ў арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК). Усе абвінавачаныя знаходзяцца пад вартай у СІЗА з лістапада 2020 г.

У Гомель для ўдзелу ў судовым працэсе былі этапаваныя палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Сяргей Ціханоўскі і Ігар Лосік.

Рэзананснымі падзеямі месяца сталі затрыманні журналістаў і супрацоўнікаў самага папулярнага ў краіне незалежнага інфармацыйнага партала TUT.by і затрыманне ў Нацыянальным аэрапорце Мінска блогера Рамана Пратасевіча і студэнткі ЕГУ Сафіі Сапегі.

Затрыманні журналістаў і супрацоўнікаў партала TUT.by 18 траўня суправаджаліся ператрусамі як у офісе выдання, так і ў офісах іншых асацыяваных з TUT.by арганізацый і выданняў (av.by, hoster.by і інш.), а таксама па месцы пражывання затрыманых. Таксама ператрусы прайшлі ў офісах TUT.by у Брэсце і Гомелі.

Адначасова з затрыманнямі і ператрусамі Мінінфармам па ўказанні Генпракуратуры быў заблакаваны доступ да сайта TUT.by па прычыне парушэння заканадаўства аб СМІ – размяшчэнні інфармацыі аб дзейнасці ініцыятывы BYSOL, якая не прайшла дзяржаўнай рэгістрацыі ва ўстаноўленым законам парадку.

Падставай для затрыманняў стала распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) у дачыненні да службовых асобаў ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫЯ».

У выніку дадзенай спецаперацыі беларускіх спецслужбаў былі затрыманыя 15 чалавек, дванаццаць з якіх на дадзены момант знаходзяцца па вартай у СІЗА, а ў дачыненні да трох, уключаючы ўдаву заснавальніка TUT.by Юлію Чарняўскую, абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту.

Затрыманні журналістаў і супрацоўнікаў TUT.by выклікалі негатыўную рэакцыю з боку беларускіх і міжнародных журналісцкіх і праваабарончых арганізацый, а таксама АБСЕ, Савета Еўропы, краін ЕС і ЗША. Усе пятнаццаць затрыманых былі прызнаныя палітычнымі вязнямі беларускімі праваабарончымі арганізацыямі. Па заканчэнні дзесяці дзён ніхто з затрыманых не выйшаў на свабоду, з чаго можна зрабіць выснову аб прад'яўленні ім абвінавачванняў. Сітуацыя пагаршаецца тым, што адвакаты затрыманых знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні матэрыялаў папярэдняга следства і не паведамляюць падрабязнасці прад'яўленых абвінавачанняў.

Вядома, што галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву і журналістку партала Алену Талкачову абвінавачваюць у саўдзеле ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (ч. 1 арт. 16 ч. 2 арт. 243 КК). Санкцыя артыкула прадугледжвае да 5 гадоў абмежавання волі або ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

24 траўня ў выніку прымусовай пасадкі беларускімі ўладамі пасажырскага авіялайнера кампаніі Ryanair ў Нацыянальным аэрапорце г. Мінска прадстаўнікамі спецслужбаў Беларусі быў затрыманы вядомы блогер Раман Пратасевіч, а таксама студэнтка ЕГУ, грамадзянка РФ Сафія Сапега, якая ляцела разам з ім.

Самалёт накіроўваўся з Афінаў у Вільню і быў вымушаны адхіліцца ад маршруту ў сувязі з паступленнем ад дыспетчараў мінскага аэрапорта інфармацыі аб мініраванні самалёта і рэкамендацый здзейсніць пасадку не ў пункце прыбыцця, а ў Мінску. Таксама “для суправаджэння” грамадзянскага самалёта ў паветра па асабістым загадзе А. Лукашэнкі быў узняты знішчальнік ВПС Беларусі МІГ-29.

Пры даглядзе самалёта, пасажыраў і багажу пасля прызямлення ў Мінску ніякага выбуховага прыстасавання выяўлена не было, а абвешчаны ў міжнародны вышук і унесены беларускімі ўладамі ў нацыянальны спіс тэрарыстаў Раман Пратасевіч, а таксама Сафія Сапега, былі затрыманыя.

Пазней стала вядома, што Раман Пратасевіч і Сафія Сапега ўзятыя пад варту і змешчаныя ў СІЗА па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК), групавых дзеяннях, якія парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК) і ч. 3 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варажнечы).

Прымусовая пасадка самалёта пры задзейнічанні баявой авіяцыі ў мэтах затрымання двух апазіцыйных блогераў выклікала жорсткую негатыўную рэакцыю з боку краін ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Украіны, што выявілася, акрамя іншага, у забароне палётаў над Беларуссю, у Беларусь і з Беларусі. Таксама ЕС заявіў аб падрыхтоўцы чацвёртага пакета санкцый у дачыненні да кіраўніцтва Беларусі, у тым ліку і магчымыя эканамічныя санкцыі.

Парушэнні свабоды мірных сходаў

Працягваецца крымінальны і адміністрацыйны пераслед удзельнікаў мірных пратэстаў.

3 траўня суд Першамайскага раёна г. Мінска вынес прысуд 18-гадоваму Мацвею Будніцкаму. Па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса яго асудзілі на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суддзя Анастасія Кулік прызнала яго вінаватым у тым, што 4 кастрычніка на праспектах Машэрава і Пераможцаў, а таксама вуліцах Прытыцкага, Любімава, Сурганава, Кальварыйскай і Прылуцкай ён прыняў актыўны ўдзел у масавым мерапрыемстве, “дзейнічаў сумесна і ўзгоднена ў групавых дзеяннях, з выкарыстаннем рупара”. Паводле абвінавачання, гэта пацягнула парушэнне працы транспарту і прадпрыемстваў.

7 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Брэста асудзілі яшчэ чатырнаццаць фігурантаў па “справе карагодаў” па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел 13 верасня ў акцыі на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава, калі пратэстоўцы былі разагнаныя вадамётам. Суддзя Іна Клышпач прызнала ўсіх вінаватымі і прызначыла ім пакаранне ад 18 месяцаў абмежавання волі да аднаго года калоніі. Колькасць абвінавачаных па “справе карагодаў” ужо больш за 70 чалавек. Гэта адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. Брэсцкія суды асудзілі па гэтай справе ўжо 32 чалавекі.

21 траўня ў Ленінскім судзе г. Брэста вынеслі прысуд трынаццаці берасцейцам па крымінальнай справе аб “масавых беспарадках” пасля выбараў (ч. 2 арт. 293 КК). Суддзя Андрэй Грушко асудзіў адзінаццаць палітвязняў на тэрміны ад трох з паловай да пяці гадоў калоніі, дваіх непаўналетніх – на тры гады ў выхаваўчай калоніі. У сакавіку па гэтай справе на такія ж тэрміны асудзілі першых дзевяць чалавек. Усяго ў калонію па справе жнівеньскіх “беспарадкаў” брэсцкія суды адправілі ўжо 22 чалавекі. Суды над астатнімі фігурантамі гэтай справы яшчэ чакаюцца.

У судзе Цэнтральнага раёна г. Мінска суддзя Вікторыя Шабуня асудзіла да пяці з паловай гадоў пазбаўлення волі палітвязня, сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргея Капанца. За падзеі 9-11 жніўня ў Мінску яго абвінавацілі ў дапамаганні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў, што выявілася ў перадачы ў бот телеграм-канала тэкставай інфармацыі і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня, а таксама ў распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім, і каардынаванні руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёна пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня. Таксама Капанца асудзілі за ўдзел у акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску.

Супрацоўнікі міліцыі забіраюць прадстаўнікоў самых розных прафесій і сацыяльных груп з хаты, затрымліваюць на працы; адбываюцца ператрусы і допыты. Улады ўзмацняюць розныя формы ціску і рэпрэсій на людзей за іх актыўную грамадзянскую пазіцыю і незадаволенасць дзеяннямі ўладаў. У судах Мінска і ў рэгіёнах праходзяць разгляды адміністрацыйных справаў у дачыненні да грамадзян, якіх затрымлівалі за сцягі і налепкі на вокнах, вывешванне нацыянальных сцягоў і іншай сімволікі, а таксама іншыя формы пратэсту ці выказвання меркаванняў.

Усяго за травень былі затрыманыя 332 чалавекі (257 – у Мінску). Асуджаныя каля 240 чалавек: не менш за 160 да арышту, не менш 74 (не менш 77 выпадкаў) да штрафу (з іх 24 чалавекі ў памеры 100 базавых велічынь – 2 900 руб., двое ў памеры 200 базавых велічынь – 5 800 руб.).

Парушэнні свабоды выказвання меркаванняў

26 красавіка суд Аршанскага раёна і г. Оршы асудзіў на адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу жыхарку горада Лідзію Папову за паклёп (арт. 188 КК) у адрас старшыні выбарчай камісіі Таццяны Аланцьевай. Суддзя Юлія Вяршыніна пагадзілася з абвінавачваннем, якое сцвярджала, што абвінавачаная размясціла ў тэлеграм-чаце «Орша 97%» публікацыю з фота і тэкстам, якая утрымлівала звесткі аб падпісанні пацярпелай пратакола з сфальсіфікаванымі вынікамі падліку галасоў выбаршчыкаў падчас выканання абавязкаў у якасці старшыні ўчастковай камісіі на выбарчым участку №33 г. Орша. Лідзія Папова сваю віну не прызнала і заявіла, што давала паказанні следчаму пад псіхалагічным ціскам. Суддзя прыйшла да высновы, што апублікаваныя звесткі падрываюць “давер да выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь у цэлым”.

4 траўня ў судзе Маскоўскага раёна г. Мінска суддзя Сяргей Кацер асудзіў на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэхніка Інстытута мяса-малочнай прамысловасці Андрэя Цемяноўскага па арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу ў телеграм-канале “Карнікі Беларусі” камандзіра АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрыя Балабы. Пацярпелы ацаніў маральную шкоду ў 1 000 рублёў. Таксама суд вынес прыватнае вызначэньне кіраўніцтву Інстытута, дзе працуе абвінавачваны, у якім, на думку суда, “недастатковая прафілактычная і тлумачальная праца ў калектыве аб недапушчальнасці здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў”. Абцяжарваючай акалічнасцю была прызнаная “палітычная і ідэалагічная варожасць” як матыў здзяйснення злачынства.

У розных гарадах Беларусі вынесены прысуды за публікацыю ў сацыяльных сетках негатыўных, у тым ліку абразлівых («скот») каментарыяў да публікацый пра супрацоўнікаў МУС у сувязі з іх удзелам ці меркаваным ўдзелам у падаўленні мірных пратэстаў. Прысуды, як правіла, абмежаванне волі.

У Пружанах суддзя Вадзім Мазоль прысудзіў 53-гадовую Людмілу Кузняцову да года пазбаўлення волі за абразу прэзідэнта па ч. 1 ст. 368 КК. Жанчына была арыштаваная ў зале суда, а ў яе дома засталося каля 80 жывёл. Паводле абвінавачання, жанчына 12 жніўня 2020 г. размясціла ў запісе мужа ў сацсетцы “Вконтакте” доўгае паведамленне з выслоўямі ў адрас Лукашэнкі.

31 траўня суддзя Юльяна Шчэрба з суда Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы асудзіла 47-гадовага Вячаслава Кульбу па абвінавачванні ў публічнай абразе прэзідэнта (ч. 1 арт. 368 КК) на два гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ. Паводле абвінавачання, Кульба 20 лістапада 2020 года “наўмысна, маючы мэту публічнай абразы дзеючага прэзідэнта А.Р. Лукашэнкі, усведамляючы зневажальны характар ​​свайго выказвання, разлічваючы на ​​тое, што ў наступным запіс стане даступны нявызначанаму колу асоб, у кнізе заўваг і прапаноў АЗС ўласнаручна пісьмова ўчыніў запіс, які змяшчае інфармацыю абразлівага характару: «Скаргаў няма. Не разумею калектыў вашай АЗС, які падтрымлівае рэжым узурпатара Лукашэнкі».

7 траўня ў Мінскім абласным судзе вынесены прысуды фігурантам справы телеграм-канала «Армія з народам». Асуджаныя пяць чалавек: актывіст партыі “Народная грамада” Сяргей Спарыш, удзельніца руху “Краіна для жыцця” Антаніна Канавалава, блогеры Сяргей Ярашэвіч, Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў. Іх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, у падрыхтоўцы беспарадкаў, а Спарыша таксама ў тым, што перашкаджаў працы Цэнтрвыбаркама. Суддзя Сяргей Епіхаў прызначыў ім ад чатырох з паловай да шасці гадоў пазбаўлення волі.

14 траўня Вярхоўны суд прысудзіў Дзяніса Урада да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за здраду дзяржаве. Таксама яго пазбавілі звання. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд абскарджанню не падлягае. Паводле інфармацыі праўладных СМІ, 14 сакавіка на дзяжурстве Дзяніс сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб выкарыстанні вайскоўцаў у падаўленні пратэстаў і адправіў телеграм-каналу Сцяпана Пуцілы. Раней праваабаронцы прызналі Урада палітвязнем, падкрэсліўшы, як і раней Камітэт па правах чалавека ААН, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць ці ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў ці іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

Гэтыя і іншыя выпадкі сведчаць аб працягу практыкі рэпрэсій за выказванні ў сацыяльных сетках і іншыя формы выказвання меркаванняў.

Ціск на журналістаў і медыя

У месцах пазбаўлення волі на канец траўня, па дадзеных БАЖ, знаходзіліся 34 журналісты.

Журналістаў рэгулярна адвольна затрымліваюць, абшукваюць і падвяргаюць пазбаўленню волі за выкананне прафесійных абавязкаў.

Рэпрэсіі не абмяжоўваюцца пазбаўленнем волі прадстаўнікоў медыя і незалежных журналістаў: у месцах зняволення тыя падвяргаюцца дадатковаму ціску ў выглядзе змяшчэння ў карцар, стварэння невыносных умоваў адбыцця арышту або знаходжання пад вартай. Уладамі штучна ствараецца інфармацыйны вакуум вакол ахвяраў пераследу па палітычных матывах: адвольна абмяжоўваецца ліставанне, адвакатам забараняецца паведамляць самыя базавыя звесткі пра лёс падабаронных – сутнасць абвінавачвання, месца ўтрымання і г.д.

Незалежны журналіст, палітвязень Дзяніс Івашын, які супрацоўнічае з «Новым часам», знаходзіцца ў турме №1 Гродна з 12 сакавіка 2021 года. У пачатку траўня апублікаваная інфармацыя, што журналіст знаходзіцца ў карцары і яму забароненыя перадачы і спатканні з адвакатам. Івашын займаецца расследаваннямі. Апошні яго матэрыял быў пра тое, як былыя ўкраінскія “беркутаўцы” паспяхова ўладкаваліся на службу ў беларускую міліцыю. Сваякі і калегі лічаць, што затрыманне Івашына звязана менавіта з гэтым. Івашыну адвольна прад'яўленае абвінавачванне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса – “Умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

15 траўня ў Магілёве асуджаныя журналісты Аляксандр Буракоў і Уладзімір Лапцэвіч. Іх затрымалі 12 траўня каля будынка Магілёўскага абласнога суда, дзе пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да актывістаў апазіцыі, і асудзілі на 20 сутак арышту кожнага. Як піша телеграм-канал MAYDAY, на пасяджэнні Аляксандр Буракоў распавёў, што ён падвяргаецца катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама. Затрыманаму не давалі нармальна спаць некалькі начэй, рэгулярна ладзячы праверкі з распрананнем дагала ў калідоры, а таксама не перадалі перадачу ад сваякоў.

Да гэтага часу, з лістапада 2020 года, не можа аднавіць выпуск друкаванага выдання рэдакцыя «Народнай волі»: друкарні ў Беларусі адмаўляюць у друку выпускаў газеты.

Генпракуратура вынесла папярэджанне галоўнаму редактару газеты «Новы час». Папярэджанне атрымана за публікацыі “Не вельмі заўважнае, але важнае”, апублікаваную 26 лютага, “Дымавая заслона з наступствамі” і “Складаней за ўсё прымаць беззаконне” з нумара газеты за 9 красавіка.

Катаванні. Жорсткае, бесчалавечнае, прыніжальнае абыходжанне

Міжнародная платформа па прыцягненні вінаватых да адказнасці (IAPB) перадасць сабраныя сведчанні для далейшага расследавання пад эгідай ААН. IAPB была створана для збору, праверкі і захоўвання дадзеных аб сур'ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх, каб затым выкарыстоўваць іх для незалежнага крымінальнага расследавання і пакарання вінаватых. Платформа аб'ядноўвае праваабарончыя арганізацыі ў асноўным з краін Еўропы. Узначальвае яе дацкі інстытут супраць катаванняў Dignity.

Абвінавачаныя ў судах па палітычна матываваных справах заяўлялі пра ўжыванне да іх катаванняў для атрымання звестак, прызнальных паказанняў і прымусу да ўдзелу ў здымкам прапагандысцкіх відэаролікаў, дзе затрыманыя прызнаваліся ў здзяйсненні супрацьпраўных дзеянняў і раскайваліся. Аб шакавальных сваёй выбарчай жорсткасцю ўмовах утрымання палітычных зняволеных у ізалятарах распавядаюць затрыманыя і асуджаныя па адміністратыўных справах.

22 траўня ў ПК №17 г. Шклова памёр Вітольд Ашурак, якога 18 студзеня ў Лідзе на закрытым працэсе асудзілі на 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Следчы камітэт, жадаючы абвергнуць версію аб гвалтоўным характары смерці, паспяшаўся апублікаваць каментар і відэазапісы, дзе відаць, што зняволены напярэдадні смерці згубіў прытомнасць ў камеры, але своечасовая медыцынская дапамога ў поўным аб'ёме яму не аказвалася. Гэта Следчы камітэт патлумачыў адмовай зняволенага ад шпіталізацыі.

Смяротнае пакаранне

4 траўня ў Вярхоўным судзе разгледжана апеляцыйная скарга асуджанага да смяротнага пакарання Віктара Скрундзіка. Калегія па крымінальных справах пакінула апеляцыйную скаргу без задавальнення. Цяпер у асуджанага засталася апошняя магчымасць пазбегнуць пакарання – памілаванне ад імя Лукашэнкі.

30 чэрвеня 2020 года калегія Вярхоўнага суда па крымінальных справах адмяніла ранейшы прысуд. Справу вярнулі на новы разгляд у Мінскі абласны суд, які, нягледзячы на ​​апраўданне Скрундзіка па адным з эпізодаў, у другі раз прысудзіў яго да смерці.

Гарантыі справядлівага суда

У сувязі са шматлікімі фактамі парушэнняў працэсуальных правоў і гарантый абвінавачаных, а таксама іх абаронцаў па палітычна матываваным крымінальных справах праваабарончыя арганізацыі Беларусі выступілі з заявай. У прыватнасці, некаторыя крымінальныя справы без дастатковых падстаў разглядаюцца ў закрытым рэжыме.

5 траўня ў судзе Заводскага раёна пачаўся суд над чатырма адміністратарамі телеграм-канала і чата “Кіроўцы 97”. Абвінавачаныя па справе – палітвязні Дзяніс Гуцін, Ганна Вішняк, Вікторыя Кульша, а таксама Таццяна Ш., якая не знаходзіцца пад вартай. Іх абвінавачваюць па ч. 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці). Паводле тэксту абвінавачванняў, усе яны, дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванні дарог у сувязі з незадаволенасцю уладай і фальсіфікацыяй выбараў. Яшчэ да пачатку працэсу суд зрабілі закрытым.

У дачыненні да асуджанага да двух гадоў пазбаўлення волі фігуранта справы аб пашкоджанні аўтамабіля супрацоўніка МУС Арцёма Анішчука ў магілёўскай ПК-15 завялі новую крымінальную справу – па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Папярэдняя прычына новай справы – Анішчук нібыта парушыў рэжым: двойчы адмовіўся рабіць уборку. Але некалькі тыдняў ні родныя, ні адвакат не могуць з ім звязацца, ад самага асуджанага не паступае ніякіх звестак. Пацярпелым па першай крымінальнай справе стаў намеснік начальніка аддзела арганізацыі аператыўна-рэжымнай работы ў ПК, ВК, ЛПП Дэпартамента выканання пакарання МУС.

Крыніца: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Травень 2021