Анастасія Герыловіч Суд горада Жодзіна 25 траўня пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Анастасіі Герыловіч, якая па версіі следства сарвала маску з супрацоўніка міліцыі і тым самым здзейсніла гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт 364 Крымінальнага кодэкса).

Справу разглядае суддзя Іван Грынкевіч.

У верасні мінулага года па інтэрнэце разляцелася відэа з Жодзіна, на якім міліцыянт Мікалай Бараноўскі б'е жанчыну па твары з такой сілай, што яна падае на зямлю. Да міліцыянта адразу ж падбеглі абураныя жодзінцы, адна з іх - Анастасія Герыловіч сарвала з яго маску.

Больш за паўгода пытанняў да жанчыны не ўзнікала, але 7 красавіка яе затрымалі  і распачалі крымінальную справу аб гвалце над супрацоўнікам міліцыі.

Скрыншот з відэа. Маёр Бараноўскі б'е жанчыну

Усё як у справе палітзняволенай Наталлі Хершэ

"У аўторак, 6 красавіка, мне распавялі пра пост у сацсетках, што міліцыя шукае таго, хто сарваў маску з міліцыянта, які 13 верасня мінулага года ўдарыў жанчыну. Аказалася, у міліцыі ёсць відэа. На ім бачна, што пасля таго, як міліцыянт ударыў жанчыну, і яна ўпала, я падышла да яго, зняла маску, ён схапіў мяне за руку, утрымліваў, потым натоўп пачаў навальвацца, і ён мяне адпусціў," - распавядала Анастасія журналістам.

У якасці пацярпелага па справе выступае участковы інспектар міліцыі, маёр Мікалай Бараноўскі.

Маёр Бараноўскі.

Анастасіі Герыловіч – 35 год, адна выхоўвае сына, працяглы час працуе ў Мінску.

На допыце жанчына распавяла, што ў той самы дзень яна гуляла ў горадзе, убачыла вялікую колькасць людзей, а потым тое, што міліцыянт моцна ўдарыў жанчыну ў твар, і тая ўпала. Гэта яе вельмі ўсхвалявала і, знаходзячыся ў моцным эмацыйным узрушэнні, яна падбегла і вырашыла сарваць маску, каб бачыць, хто гэта. Яна не хацела, каб пасля такога ўчынку міліцыянт застаўся неапазнаным.

Сёння дзярржабвінаваўца запрасіў для Герыловіч пяць год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.

Будзе дапоўнена.

Крыніца: Пяць год "хатняй хіміі" запрасіў пракурор жыхарцы Жодзіна за гвалт над маёрам, які ўдарыў жанчыну